Беларуская Служба

Цягам трох дзён выпускнікі восьмых класаў здаюць іспыты па розных прадметах

25.05.2021 14:03
Некаторыя настаўнікі мяркуюць, што для замежных дзяцей выпускныя экзамены надта складаныя.
Аўдыё
zdj. ilustracyjne
zdj. ilustracyjne shutterstock.com/ panitanphoto

У аўторак у Польшчы пачаліся выпускныя экзамены вучняў восьмых класаў пачатковай школы. Гэта адносна новы від іспытаў школьнікаў, паколькі яшчэ некалькі гадоў таму пачатковая школа ў польскай сістэме адукацыі працягвалася шэсць гадоў, пазней ішла гімназія і сярэдняя школа. У выніку адукацыйнай рэформы, гімназіі былі ліквідаваныя, а навучанне ў базавай школе працягваецца цяпер восем, а не шэсць гадоў, як раней.

Праверка ведаў выпускнікоў восьмых класаў трывае тры дні. Сёлета іспыты здае 360 тыс. школьнікаў з больш чым 12 тыс. школ. Апошні навучальны год вучні амаль увесь час вучыліся ў дыстанцыйным рэжыме, таму праграма іспытаў была аблегчаная. Гэта азначае, што неабходна ведаць менш абавязковых літаратурных твораў, не будзе некаторых тэмаў, вучні таксама павінны будуць вырашыць менш задачак па матэматыцы, чым у папярэднія гады.

Школьны абавязак датычыць усіх дзяцей, у тым ліку асоб у школьным узросце з сем’яў, якія нядаўна прыехалі ў Польшчу. У краіне ўсё больш мігрантаў, з розных куткоў свету. Найбольш замежнікаў прыязджае ў дзяржаву з Украіны, а на працягу апошняга году, у выніку палітычных падзей у Беларусі, у Польшчу прыехалі тысячы беларусаў, якім прыйшлося ўцякаць ад рэжыму Лукашэнкі з-за сваіх палітычных перакананняў. Многія перабіраюцца ў суседнюю краіну разам з дзецьмі, яны ідуць у польскую школу, дзе вучацца разам з польскімі школьнікамі. А пазней здаюць разам з імі экзамены.

Дзеці, які прыехалі ў Польшчу на працягу апошняга году, яшчэ не мелі нагоды здаваць іспыты, паколькі спачатку яны ідуць у падрыхтоўчы клас, каб вывучыць польскую мову. Але тыя вучні, якія жывуць у краіне ўжо некалькі гадоў, павінны здаць экзамены, калі яны скончылі базавую школу. А для дзяцей, якія толькі нядаўна пачалі знаёміцца з польскай мовай і культурай, гэта не так проста.

На думку некаторых польскіх настаўнікаў і дырэктараў школ, экзамены васьмікласніка надта складаныя для замежнікаў. Пасля прыезду ў Польшчу замежныя дзеці праводзяць год у падрыхтоўчым класе з павялічанай колькасцю ўрокаў польскай мовы. Праз год яны далучаюцца да звычайнага класа. Гэта азначае, што некаторыя дзеці здаюць экзамен у восьмым класе менш чым праз два гады навучання ў польскай школе. Дырэктар пачатковай школы № 58 у Варшаве Веслава Дзікліньска кажа: гэта занадта коратка, каб разумець польскую культуру на неабходным узроўні. На яе думку, экзаменацыйны ліст для замежнікаў павінен улічваць узровень валодання мовай:

- Цяжка замежнаму дзіцяці, якое прыехала з Іраку, Ірану, Таджыкістану, Грузіі, а нават з Украіны ці Беларусі, зразумець польскі літаратурна-гістарычны кантэкст.

Аліна Шульган вучыць дзяцей у падрыхтоўчых класах. Яна кажа, што замежнаму вучню цяжка хутка дагнаць польскіх дзяцей.

- Калі дзіця прыходзіць у сёмы-восьмы клас, і пачынае вучобу ў польскай школе з алфавіту, то аб тым, каб яно прачытала абавязковы літаратурны твор «Пан Тадэвуш», не можа быць гаворка. Гэта для яго надта цяжка.

У варшаўскай пачатковай школе № 58 вучыцца 137 вучняў, якія не з'яўляюцца грамадзянамі Польшчы. Гэтыя дзеці прыбылі з розных частак свету, напрыклад, Валерыя і Аксана прыехалі з Украіны два гады таму. Вучаніцы кажуць, што падрыхтоўка да выпускных іспытаў для іх вельмі цяжкая, перш за ўсё цяжка справіцца з задачамі па матэматыцы.

- Матэматыка. І польская мова таксама цяжкая. Па польскай мове мне складана зразумець змест заданняў, часам таксама змест тэкстаў для мяне незразумелы.

- Мне таксама матэматыка цяжка даецца, я не заўсёды разумею змест задачак. Па польскай мове дыктоўкі, пісьмовыя тэксты атрымліваюцца нармальна, але літаратурныя творы – цяжка. Ёсць складаныя для мяне польскія творы – «Kamienie na szaniec», «Quo vadis» ці «Balladyna».

Дырэктар Цэнтральнай экзаменацыйнай камісіі Марцін Смолік адзначае, што дзеці-іншаземцы пішуць іспыты на спецыяльна для іх падрыхтаваных лістах.

- Такія лісты рыхтуюць кожны год, з 2016 году. Тым не менш, яны павінны быць падрыхтаваныя паводле праграмы навучання. Скажам, іспыт па польскай мове павінен правяраць веданне літаратурных твораў. Дзеці-іншаземцы могуць скарыстацца даўжэйшым часам падчас напісання экзамену, могуць таксама падчас экзамену карыстацца дзвюхмоўным слоўнікам.

У мінулым годзе выпускныя іспыты пасля восьмага класу пісалі 2 тысячы 400 дзяцей іншаземцаў. Сярэдні вынік па польскай мове ў гэтай групе склаў 53%, па матэматыцы – 40%. Трэба сказаць, што гэтыя рэзультаты, хоць крыху горшыя на фоне дзяцей з польскім грамадзянствам, але не прынцыпова. Летась сярэдні вынік з іспытаў па польскай мове складаў 59%, а па матэматыцы – 46%. Вынік замежнікаў – толькі на 6% горшы. Гэта не так шмат, калі ўзяць пад увагу, што, прыязджаючы ў Польшчу, гэтыя дзеці часта зусім не валодаюць польскай мовай.

 

ІАР ПР/нг