Беларуская Служба

Вярхоўны суд прыпыніў разгляд пазову аб ліквідацыі ГА БНФ «Адраджэнне»

16.09.2021 12:05
Падставай для прыпынення разгляду справы сталася пададзеная скарга на раней вынесенае пісьмовае папярэджанне ГА БНФ «Адраджэнне».
Аўдыё
Кіраўнік партыі БНФ і ГА БНФ "Адраджэнне" Рыгор КастусёўФота: TUT.BY

15 верасня ў Вярхоўным Судзе Беларусі адбылося пасяджэнне па справе аб ліквідацыі Грамадскага аб’яднання БНФ «Адраджэнне». Суд вынес пастанову аб часовым прыпыненні разгляду пазову аб ліквідацыі арганізацыі, які быў пададзены Міністэрствам юстыцыі яшчэ 27 ліпеня. Справа прыпыненая да рашэння па скарзе аб’яднання на вынесенае раней папярэджанне.

Намеснік старшыні Грамадскага аб’яднання БНФ «Адраджэнне» Юрась Меляшкевіч, які прадстаўляў у судзе інтарэсы арганізацыі, патлумачыў, што падставай для прыпынення разгляду справы сталася пададзеная з боку БНФ «Адраджэнне» скарга на раней вынесенае ёй пісьмовае папярэджанне. Гэта менавіта юрыдычныя моманты ў працэсе, а не рашэнне ўладаў падумаць пра лёс арганізацыі.

Цяпер Міністэрства юстыцыі абвінавачвае грамадскае аб’яднанне БНФ «Адраджэньне» ў тым, што не былі пададзеныя на запыт дакументы, якія былі забраныя следчымі органамі падчас вобшукаў у ліпені гэтага года, альбо знаходзяцца ў памяшканні, якое з ліпеня застаецца апячатаным і доступ куды забаронены Следчым камітэтам. Прадстаўнікі арганізацыі звярталіся да следчых з патрабаваннем зняць забарону на доступ у памяшканне, каб сабраць дакументы, якія запытвае міністэрства. Аднак органы Следчага камітэту адмовілі. Да слова, аналагічныя прэтэнзіі былі і да Беларускай асацыяцыі журналістаў, якая не так даўно была ліквідаваная.

«Ніякіх пагроз, папярэджанняў да партыі БНФ пакуль не было. Было менавіта па грамадскаму аб’яднанню. Партыі спіс такіх прэтэнзій яшчэ ніхто не выстаўляў. Цалкам верагодна, што гэта часовая паўза і ўлады спачатку ліквідуюць першую партыю арганізацый», — гаворыць Меляшкевіч.

Грамадскае аб’яднанне БНФ «Адраджэньне» — адно з найстарэйшых грамадска-палітычных аб’яднанняў Беларусі. Заснаванае ў 1988 годзе. Аб’яднанне структурна-юрыдычна адасобленае ад Партыі БНФ, хоць склад кіраўніцтва ў іх ідэнтычны — абедзве структуры ўзначальвае старшыня Рыгор Кастусёў, супадае і склад Сойму як кіруючага органу.

«У асноўным гэта культурніцкая дзейнасць, звязаная з пашырэннем беларускай мовы, нацыянальнай культуры, умацаваннем нацыянальнай ідэнтычнасці. Таксама падчас выбараў арганізацыя выстаўляла сваіх сябраў у якасці назіральнікаў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі», — тлумачыць сферу дзейнасці ГА БНФ «Адраджэнне» Меляшкевіч.

Кіраўнік партыі БНФ і арганізацыі БНФ «Адраджэнне» Рыгор Кастусёў быў затрыманы 12 красавіка. Ён разам з Аляксандрам Фядутам і юрыстам з ЗША Юрыем Зянковічам стаў фігурантам крымінальнай справы аб «змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам». Цяпер Рыгор Кастусёў знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

«Ён быў у курсе тых праблем, якія напаткалі грамадскае аб'яднанне. Ён атрымлівае інфармацыю з ліставанняў, ад некаторых сябраў арганізацыі яму даходзяць лісты. З гэтага месяца пачаў атрымліваць перыёдыку —  падпісаны на шэраг дзяржаўных і недзяржаўных выданняў. Калі недзяржаўныя СМІ пра гэта пісалі і не было цэнзуравання, то Кастусёў ведае пра гэтыя працэсы».

З лета гэтага года ў Беларусі адбываецца маштабная кампанія па судовай і пазасудовай ліквідацыі арганізацый  грамадзянскай супольнасці — пад прымусовае закрыццё на дадзены момант патрапілі каля 250 грамадскіх аб’яднанняў, фондаў, установаў і асацыяцыяў.

Сёння ў Вярхоўным судзе будзе разглядацца справа аб ліквідацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Таварыства Беларускай Школы».

ВХ