Беларуская Служба

Палякі шануюць гісторыю сваёй сям'і і сваёй дзяржавы, умацоўваюць нацыянальную тоеснасць

02.11.2021 13:04
Напрыклад, у школе вучням шостага класа ставяць задачу стварыць генеалагічнае дрэва сваёй сям’і.
Аўдыё
  • Павага да гісторыі ў Польшчы
(zdj. ilustracyjne)
(zdj. ilustracyjne)Pixabay/Hans

Польская гісторыя нялёгкая, шмат было ў ёй трагічных момантаў, драматычных падзей і перыядаў. Нягледзячы на тое, што на працягу 123 гадоў Польшчы не было на мапе дзяржаваў еўрапейскага кантыненту, палякі не забылі, што яны нацыя, змагаліся за незалежнасць. І да нашага часу яны захоўваюць глыбокую пашану да сваёй гісторыі. Не толькі да гісторыі народу, але таксама да гісторыі сваёй сям’і, свайго роду. Восень – добры час, каб пагартаць гістарычныя старонкі.

Пачатак лістапада – час памінання памерлых. Як сваякоў, продкаў, так і вядомых людзей, якія пайшлі з жыцця на працягу апошняга году, а таксама цягам ранейшага часу. На гэты перыяд у Польшчы прыходзіцца шмат мерапрыемстваў, звязаных менавіта з гісторыяй, з памяццю нацыі.

2 лістапада, калі палякі адзначаюць Задушкі – Дзень памяці продкаў – у студыі Польскага радыё ў Катавіцах былі падведзеныя вынікі гістарычна-літаратурнага конкурсу «Праўда і хлусня пра Катынь». Па словах ініцыятаркі конкурсу, дэпутаткі Еўрапейскага парламенту Ядвігі Віснеўскай (Jadwiga Wiśniewska), удзельнікі мерапрыемства ўспамінаюць палякаў, забітых сталінскімі катамі ў часы Другой сусветнай вайны, а таксама загінулых падчас катастрофы прэзідэнцкага самалёта пад Смаленскам.

- Ахвяраў Катыні і Смаленска ўжо на заўсёды спалучылі супольныя эпітафіі. Мы ўспамінаем ахвяр Катыні, Харкава, Меднага. Катынь – гэта сімвал шматлікіх месцаў расстрэлаў палякаў на ўсходзе, дзе адбываліся масавыя забойствы польскіх прадстаўнікоў інтэлігенцыі, польскіх афіцэраў.

У рамках памятнай вечарыны сёння было прадстаўлена таксама друкаванае выданне, у якім сабраныя літаратурныя працы лаўрэатаў і фіналістаў Гістарычна-літаратурнага конкурсу «Праўда і хлусня пра Катынь», – дадае Ядвіга Віснеўска.

- Гэты конкурс з’яўляецца літаратурным шанцам для маладых людзей. Такім чынам яны не толькі могуць пазнаць праўду пра Катынь, але таксама могуць напісаць літаратурны твор, мець літаратурны дэбют у маладым узросце.

У конкурсе маглі прымаць школы з поўдня Польшчы, з Сілезскага ваяводства. У ім удзельнічалі вучні з 41 населенага пункта. На конкурс паступілі 192 эсэ ад школьнікаў.

У сваю чаргу польскі Дзяржаўны архіў прапануе таксама школьнікам іншы конкурс, звязаны з памяццю продкаў. Называецца мерапрыемства «Без каранёў не расцвіцеш». У яго рамках перад вучнямі шостага класа пастаўлена задача стварыць генеалагічнае дрэва сваёй сям’і.

Дырэктар Дзяржаўнага архіву ў Варшаве Маніка Юрга (Monika Jurgo) кажа, што выдатным момантам для пачатку працы над радаводам з’яўляецца канец кастрычніка і лістапад, калі жыхары Польшчы па традыцыі наведваюць магілы продкаў.

- Мы хочам схіліць дзяцей размаўляць з блізкімі асобамі. Пытаць, слухаць, а таксама запісваць тое, то пачулі, гэта вельмі важна. І рабіць здымкі, запісваць аўдыё. Можна разам праглядаць старыя фотаальбомы. Мы спадзяемся, што такое падарожжа ў мінулае стане крыніцай новых, цікавых адкрыццяў і натхнення.

У лістападзе на Задушкі (польскія Дзяды), а пазней на Калядныя святы ў снежні, адбываецца шмат сямейных сустрэчаў, калі ёсць нагода паразмаўляць са сваякамі, распытаць іх пра гісторыю сваёй сям’і, свайго роду, – адзначае Яанна Хаецка (Joanna Chojecka) з Управы Дзяржаўных архіваў, ініцыятарка конкурсу.

- Мы сустракаемся ў гэты час з цёткамі, дзядзькамі, карацей кажучы, з нашымі сваякамі, прадстаўнікамі нашай сям’і. Падчас такіх сямейных сустрэчаў паяўляецца як правіла тэма гісторыі нашай сям’і, продкаў. Гэта выдатная нагода, каб падчас такой гутаркі шырэй паразмаўляць на дадзеную тэму і пачаць рэалізаваць праект, які вучні шостых класаў павінны зрабіць згодна са школьнай праграмай – будаванне генеалагічнага дрэва.

Конкурс праводзіцца пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, ён павінен умацоўваць пачуццё нацыянальнай тоеснасці, аб чым кажа віцэ-міністр адукацыі Томаш Жымкоўскі (Tomasz Rzymkowski).

- Гэтую гістарычную тоеснасць, без якой мы не ў стане зразумець сённяшні дзень і не ў стане будаваць заўтрашні дзень, будучыню. Мы, палякі, як правіла цікавімся гісторыяй сваёй дзяржавы, свайго народу. Таксама маладыя людзі цікавяцца гэтай тэматыкай. Пачынаючы з гісторыі нашых уласных сем’яў, нашай лакальнай грамадскасці, нашай вобласці, нашага населенага пункту.

На сайце Дзяржаўных архіваў можна знайсці інфармацыю пра тое, якім чынам стварыць генеалагічнае дрэва сваёй сям’і.


IAR PR/нг