Беларуская Служба

10-12 чэрвеня ў Кракаве пройдзе фестываль беларускай культуры

09.06.2022 16:02
Кракаўскі Інстытут культуры «Віла Дэцыуса» 10-12 чэрвеня праводзіць фестываль «Культура на эміграцыі. Дні салідарнасці на Віле Дэцыуса».
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Д.Каспровіч пра Вілу Дэцыуса.
 .
Віла Дэцыуса.https://willadecjusza.pl/willa-decjusza

Ратуючыся ад вайны і палітычных рэпрэсій, мільёны ўкраінцаў і тысячы беларусаў аказаліся ў Польшчы і іншых краінах ЕС. Сярод іх — пісьменнікі і мастакі, акцёры і музыканты. Яны маюць патрэбу ва ўзаемадапамозе. І ў іх з'явілася такая магчымасць: кракаўскі Інстытут культуры «Віла Дэцыуса» 10-12 чэрвеня праводзіць фестываль «Культура ў эміграцыі. Дні салідарнасці на Віле Дэцыуса».

Кракаўскі Інстытут культуры «Віла Дэцыуса» ў апошнія гады стаў месцам сустрэч прадстаўнікоў польскай і культур суседніх народаў. Сёлета, на фоне вайны ва Украіне і згуртавання еўрапейцаў вакол агульных культурных каштоўнасцей і ідэі міру і бяспекі, кракаўская віла стане цэнтрам кантактаў творчых людзей практычна з усіх суседніх з Польшчай краін.

Дамініка Каспровіч, дырэктар Інстытута культуры «Віла Дэцыуса»: Штогод у пачатку лета Інстытут культуры «Віла Дэцыуса» арганізуе мерапрыемства, якое прапагандуе культурную разнастайнасць нашага горада.

Месца правядзення форуму — Віла Дэцыуса — вядома на працягу многіх стагоддзяў як месца сустрэч і дыялогу розных культур і традыцый, а таксама як прастора, дзе ў свой час дзейнічаў патрыятычны салон Марцэліны Чартарыйскай, дзе сустракаліся мастакі.

А ў апошнія 26 гадоў Віла Дэцыуса з'яўляецца важным месцам на культурнай карце Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Тут могуць сябе адчуць у бяспецы творчыя людзі, якія шукаюць прытулку ад вайны ці праследавання ў краінах свайго паходжання.

Правядзенне фестывалю на віле, пабудаванай выхадцам з далёкага Эльзаса Юстусам Людвігам Дэцыусам, адлюстроўвае характар ​​Кракава — адкрытага горада. Культурны патэнцыял Кракава фарміруецца на аснове спадчыны мінулага і цесных кантактаў з мастакамі, пісьменнікамі з іншых краін у нашы дні.

Сёлета перад абліччам сур'ёзнага крызісу дэмакратычных каштоўнасцей і грамадзянскіх свабод мы звяртаем увагу на культуру краін, з якіх — у выніку вайны або палітычнага ціску — былі вымушаны эмігрыраваць многія творчыя асобы, каб знайсці новае месца для жыцця і творчасці ў Польшчы.

Арганізаваўшы фестываль «Культура ў эміграцыі. Дні салідарнасці на Віле Дэцыуса» мы хочам паказаць, што пабудова гарманічнага грамадства складаецца як з сардэчнай спагады, так і з адкрытасці да іншых галасоў і традыцый, цікавасці да культуры суседзяў — у гэтым выпадку да «новых кракавян», гатоўнасці вучыцца ў іх нечаму і іх навучання жыццю ў нас.

Пад уплывам падзей у Беларусі і Украіне мы змянілі фармат правядзення фестывалю. Калі раней ён праходзіў у форме пікнікоў, то цяпер — пад лозунгам «Культура на эміграцыі. Дні салідарнасці на Віле Дэцыуса».

Дамініка Каспровіч адзначае, што сёлетні фестываль быў запланаваны яшчэ паўтара года таму — г.зн. да вайны ва Украіне, і быў прысвечаны культуры свабоднай Беларусі. Аднак вайна ўнесла свае карэктывы.

Дамініка Каспровіч: Таму цяперашняе мерапрыемства, якое ўсё роўна ў значнай меры прадстаўляе культуру свабоднай Беларусі, беларускіх дзеячаў культуры, якія працуюць на эміграцыі, дапоўнена прадстаўнікамі іншых народаў, якія вымушаны шукаць прытулку на эміграцыі, і тых, якія прымаюць бежанцаў.

Такім чынам, беларускі фестываль стаў шматнацыянальным — голасам салідарнасці.

Дамініка Каспровіч, акцэнтуючы ўвагу на тым, што Кракаў — гэта горад, праз які праходзіць шмат мігрантаў, лічыць, што невыпадкова менавіта тут знаходзіцца адзін з цэнтраў, якія аб'ядноўваюць творчых людзей з такім лёсам.

Дырэктар Інстытута культуры «Віла Дэцыуса» добра ведае на шматгадовым вопыце зносін з творчымі асобамі, якія прыехалі ў Польшчу, што каб тварыць, неабходна свабода мастацкага самавыяўлення.

Творчасць з'яўляецца, з аднаго боку, выражэннем незалежнасці, а з другога боку, спосабам фарміравання нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасці.

Дамініка Каспровіч нагадвае, што выпрабаванні эміграцыяй перажылі і многія польскія дзеячы культуры. Менавіта таму палякі добра разумеюць украінцаў, беларусаў, якія шукаюць цяпер прытулку ў Польшчы.

Дамініка Каспровіч: Многія польскія творчыя асобы — дастаткова згадаць такіх, як Адам Міцкевіч, Вітальд Гамбровіч, Фрэдэрык Шапэн, Славамір Мрожак, Ежы Гедройць ці Чэслаў Мілаш — мелі цяжкі вопыт жыцця і творчасці на эміграцыі.

На Віле Дэцыуса, у знак салідарнасці з тымі, хто нядаўна быў змушаны жыць за межамі сваёй краіны, а цяпер апынуўся ў Польшчы і Кракаве, мы даём магчымасць усім жадаючым пазнаёміцца з іх творамі і абмеркаваць актуальныя тэмы, якія патрабуюць удумлівага дыялогу.

Дадамо, што Адам Міцкевіч і Ежы Гедройць паходзілі адпаведна з Навагрудка і Мінска, таму польскія эмігранты часта яшчэ і беларуска-польскія.

Дамініка Каспровіч раскрывае падрабязнасці таго, што будзе адбывацца 10-12 чэрвеня падчас фестывалю «Культура ў эміграцыі. Дні салідарнасці на Віле Дэцыуса».

Дамініка Каспровіч: Само мерапрыемства “Культура ў эміграцыі. Дні салідарнасці на Віле Дэцыуса” – гэта тры дні мастацкіх і інтэграцыйных выставак, семінараў, арганізаваных у знак салідарнасці з прадстаўнікамі культур іншых краін, вымушанымі эмігрыраваць.

У праграме прадугледжаны фестываль інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”, які ўключае выстаўкі, канцэрты, дыскусіі, сустрэчы з перакладчыкамі, мерапрыемствы для дзяцей і літаратурныя сустрэчы гасцей з васьмі краін: Беларусі, Украіны, Літвы, Германіі, Польшчы, Вялікабрытаніі, Анголы і Афганістана, якія ствараюць агульнае мультыкультурнае апавяданне на працягу трох дзён.

Фестываль таксама ўключае акцыі салідарнасці з бежанцамі ад вайны і палітзняволенымі, а таксама прэзентацыю сацыяльнай актыўнасці мігрантаў з розных краін у барацьбе за правы чалавека, гендэрную роўнасць і экалогію.

Гасцей Вілы Дэцыуса таксама чакаюць: выстаўка мастацтва і лістоў палітычных зняволеных; адкрыты мікрафон для маладых аўтараў; тэатральныя ўрокі для дзяцей з Беларусі і Украіны «Малюем з Шагалам і Суціным»; прэзентацыя выдавецтвам “Зміцер Колас” чатырохтомнага збору твораў Франца Кафкі ў беларускім перакладзе Лявона Баршчэўскага і двухтомнага збору вершаў беларуска-літоўскага яўрэйскага пісьменніка Мойшэ Кульбака; прэзентацыя выданняў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта і навуковага часопіса даследванняў пра яўрэяў „Цайтшрыфт”; дыскусія „Беларуская літаратура па-за сталіцай і метраполіяй”; прэзентацыя кнігі «Беларуская нацыянальная ідэя на маршы»; выстаўкі фатаграфіі з удзелам аўтара з Мінска Марыі Алены Банэ і інш.

Дырэктар Інстытута культуры “Віла Дэцыуса” запрашае ў Кракаў.

Дамініка Каспровіч: — Так што ў кожнага, хто цікавіцца культурай, літаратурай, мастацтвам, ёсць нагода прыехаць да нас, на Вілу Дэцыуса, 10-12 чэрвеня.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

20 год у Варшаўскім універсітэце працуе кафедра міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы

27.01.2022 10:02
Кафедра міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы з’яўляецца буйнейшым у Польшчы беларусазнаўчым цэнтрам.