Беларуская Служба

Гісторык: Трэба хаця б некалькі соцень тысяч фанатычна нярускіх людзей, каб выйсці з «русского мира»

04.08.2022 16:03
Беларускі гісторык Аляксандр Белы лічыць, што сучаснае насельніцтва РБ – вынік ачышчэння Беларусі Расіяй ад нярускага элемента шляхам прымусу да эміграцыі і масавых забойстваў.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". А.Белы пра ідэнтычнасць беларусаў.
  .   . 23  2020 .
Дэманстрацыя на пр. Незалежнасці ў Мінску. 23 жніўня 2020 г.Commons.wikimedia.org/Homoatrox. Собственная работа/CC BY 3.0

У жніўні спаўняецца два гады з часу гераічных і трагічных падзей жніўня 2020 года. Тады, пасля сфальсіфікаваных Лукашэнкам выбараў прэзідэнта, многія беларусы паўсталі супраць антыбеларускага, прарасійскага рэжыму, узнікае пытанне: а што ў выніку? Перамог «русский мир» ці ў доўгатэрміновай перспектыве пераможа «беларуская рэвалюцыя», карыстаючыся тэрмінам, народжаным падзеямі 2020 года?

Жорсткае задушэнне Лукашэнкам усіх форм пратэсту супраць яго дыктатуры, якое працягваецца да сённяшняга дня, частку інтэлектуалаў прымушае задумацца: чаму пасля кожнай “плошчы”, “рэвалюцыі” перамагае не толькі сам дыктатар і яго рэжым, але яшчэ больш узмацняецца яго антыбеларуская, прарасійская палітыка?

Сярод тых, хто быў сведкам падзей 2020 года і адной з ахвяр адной з пазнейшых хваль рэпрэсій, — доктар гуманітарных навук Аляксандр Белы, вядомы даследчык паходжання назвы “Белая Русь” і матэрыяльнай культуры ВКЛ, які сёлета эмігрыраваў у Ізраіль.

У апошні час Аляксандр Белы крытыкуе і рэжым Лукашэнкі, і многіх беларусаў, якія выступаюць супраць Лукашэнкі, выказваючы думку аб іх падабенстве: маўляў, яны ўсе выступаюць за Белую Русь, супраць гістарычнай Літвы, хаця яны ўвесь час гавораць пра ВКЛ як пра «беларускую дзяржаву». Сёлета, дарэчы, да гэта хору «свядомых» беларусаў далучыўся і Лукашэнка. І гэта невыпадкова, лічыць вучоны.

Аляксандр Белы:На самай справе, сувязей паміж лукашызмам і адраджэнствам на падсвядомым узроўні нашмат болей, чым гатовы прызнацца ў гэтым абодва бакі.

Проста сучаснае насельніцтва РБ — вынік вельмі глыбокай фільтрацыі на працягу больш як двух стагоддзяў, і ўсе асноўныя эпізоды гэтай фільтрацыі прыводзілі да ўсё большай ментальнай блізкасці з Расіяй, бо нярускі элемент вычышчаўся з краю шляхам прымусу да эміграцыі і масавых забойстваў. Толькі падумайце: паражэнні шляхецкіх паўстанняў канца XVIIIXIX стст., дзве сусветныя вайны з “бежанствам” і Халакостам, масавы ад’езд у Польшчу ў 1950-я гг., алія ў Ізраіль у пачатку 1990-х гг. І вось — цяперашнія ўцёкі “неверагодных” і “свядомых”.

Дык, а хто заставаўся, раз за разам? Тыя, каго вучылі і вучаць па рускіх ці па ўзгодненых з Расіяй падручніках, хто амаль нічога не ведае пра часы ВКЛ, Рэчы Паспалітай, кепска ведае мовы — асабліва гэта датычыць літоўскай, польскай, хто мае моцныя ксенафобскія комплексы да ўсіх суседзяў.

Я часам гавару, што калі б у нас адзін мільён чалавек прачытаў “Пана Тадэвуша” Адама Міцкевіча, дык мы б заваявалі і дэмакратыю і незалежнасць. На жаль, не прачытаюць, бо цяпер не кніжныя часы… Я думаю, што культурны багаж абсалютнай большасці беларусаў, у тым ліку “сьвядомых” і “неверагодных” – на 95% сфарміраваны Расіяй і СССР. І ў высокай, і асабліва – у масавай культуры.

Ці канчаткова ў Беларусі перамог «русский мир» і як можна яму супрацьдзейнічаць, калі большасць яго апанентаў знаходзяцца за граніцай, у эміграцыі, у т.л. вы?

Аляксандр Белы:Прынамсі, на гэты момант перамог трывала. І гэта ж не толькі знешні «русский мир». Ён жа ў мазгах абсалютнай большасці саміх беларусаў, якія па сутнасці маюць вельмі мала нярускага ў сваім культурным багажы. З 1830-х гг., і асабліва з 1860-х гг., а потым — хвалямі — з другой паловы 1930-х, другой паловы 1990-х гг. у Беларусі трыумфуе тая ці іншая версія “заходнерусізму”. Кантроль над мазгамі беларусаў – праз адукацыю, эстраду, гуманітарную навуку заўсёды належаў Расійскай імперыі (у тым ліку пад назвамі СССР і РФ). Нават у апошнія 30 гадоў.

Што да “канчаткова” – не ведаю. Гэта залежыць як ад аб’ектыўных абставін, так і ад пасіянарнасці праціўнікаў “русского мира”.

Вера і вынаходлівасць могуць рабіць сапраўдныя цуды. Нам трэба хаця б некалькі соцень тысяч фанатычна нярускіх людзей, нават калі яны будуць жыць у эміграцыі.

Пасля паўстання 1863 г. прайшло паўстагоддзя, перш чым была ажыццёўлена мара паўстанцаў — адрадзілася незалежная Польшча. А колькі яшчэ чакаць беларусам сапраўднай незалежнасці?

Аляксандр Белы:Няма такой формулы, каб вылічыць. Гісторыя — недакладная навука, бо гістарычны працэс — гэта рэалізацыя чалавечых эмоцый, масавых і непрадказальных.

Адзін са сцэнарыяў, які бачыцца мне найбольш праўдападобным — “сірыйска-азербайджанскі”. Праз 10-15 гадоў улада пераходзіць да Мікалая І (малодшага сына Лукашэнкі), які будзе іграць ролю адукаванага абсалютыста, як прынцы Башар (Асад — прэзідэнт Сірыі) і Ільхам (Аліеў — прэзідэнт Азербайджана; абодва атрымалі пасады ў спадчыну ад бацькаў).

Мікалай — плэйбой, прыгажун, адукаваны, красамоўны, сучасны, адкрыты і г.д. Але ўлада застанецца ў руках кангламерата спецслужб. Ну можа правядуць амністыю часткі зэкаў, дазволяць вярнуцца некаторым эмігрантам і г.д.

Сапраўдная гэта будзе незалежнасць ці не? І нават калі сапраўдная, ці шмат радасці ад яе будзем мець я ці вы?

Рэч у тым, што ў адрозненне ад палякаў, якія ў часы паўстанняў дакладна ведалі, чым адрозніваюцца ад рускіх, большасць беларусаў гэтага не ведае. Таму ў нас і “акупацыя” — не зусім акупацыя. У нас самі беларусы з дзяржапарата паводзяць сябе ў краіне як акупанты, і не бачаць у гэтым нічога кепскага.

Што да сцэнарыя паражэння Расіі ў вайне, я дапускаю яго, але па-першае: гэта не гарантавана, бо рэсурсаў ва Украіны нашмат менш, хаця ўкраінцы і вельмі матываваныя і мужныя. А па-другое — нават калі Украіна пераможа, ці адбудзецца ў выніку гэтага ў Расіі такая рэвалюцыя, якая надоўга аслабіць яе “сілавікоў” і не дасць ім магчымасць умяшання ў беларускія справы? Я думаю, што гэтага не ведае ніхто, а ўсе прагнозы, якія гучаць у сувязі з гэтым, на самай справе — прапаганда, а не аналітыка.

Чаму ніхто не мадэлюе перадачу ўлады Колю? Увесь час разглядаецца толькі сцэнарый непазбежнай перамогі дэмакратаў і шчаслівай еўрапейскай будучыні Беларусі. Але ж нешта я ніякіх прыкмет такой будучыні не бачу. Наадварот, бачу дыктатуру яшчэ на доўгія дзесяцігоддзі, з перадачай улады ў спадчыну. Некаторыя палітолагі проста адганяюць ад сябе і ў медыйнай прасторы такія думкі. Вядома, ім плацяць авансам за гэта... Ужо амаль 30 гадоў.

А давайце пачнём думаць рэалістычна. Дынастыя Лукашэнкаў ужо існуе. Нават калі перадача ўлады ад бацькі сыну ці сынам не адбудзецца, яна ўжо плануецца і грамадства ў сваёй падсвядомасці пра гэта ведае. І гэта найбольш рэалістычная гіпотэза і пагроза. Чаму мы павінны яе маўкліва пазбягаць? Каб потым мацней траўміравала тое, што і так адбудзецца?

Ну добра, хай той-сёй чакае падзення рэжыму з дня на дзень. Але ж Лукашэнка застаецца. І гэта гістарычны факт, а не прагноз. Што з гэтым рабіць? Уцямнага адказу няма ні ў кога.


Аляксандр Белы. Аляксандр Белы.

Краінам Балтыі хапіла дваццаці год незалежнасці ў міжваенны перыяд, каб сфарміраваць нацыі, якіх не змог асіміляваць савецка-расійскі рэжым. А ў Беларусі лукашэнкаўская русіфікацыя ўжо працягваецца амаль 30 гадоў. Сфарміравалася своеасаблівая «нацыя» «беларусаў» — якая жыве ў рускім духу і ў рускім свеце. Ці можа пасля гэтага на беларускай зямлі вырасці нешта нярускае?

Аляксандр Белы:Цяжкае пытанне. Хацелася б каб вырасла. Але за апошнія два гады прыкладна паўмільёна патэнцыяльных “нярускіх” з’ехалі з РБ — і за апошнія 200-250 гадоў гэта далёка не першая хваля масавага ад’езду пад ціскам «русского мира», а апрача дэпартацый было ж яшчэ і масавае фізічнае знішчэнне. Дарэчы, цікава што і нацысты знішчалі ў Беларусі перш за ўсё нярускі элемент — яўрэяў, палякаў — і аб’ектыўна (хаця і  не ставілі сабе такой задачы) — паспрыялі ўзмацненню русіфікацыі.

Сёння застаюцца спадзяванні толькі на тое, што сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі даюць магчымаць “віртуальнай прысутнасці” дома. Яна непаўнавартасная, не можа цалкам замяніць фізічную прысутнасць, але гэта непараўнальна лепш, чым, напрыклад, сітуацыя пасля паражэння паўстання 1831 г. ці жыццё за “жалезнай заслонай” брэжнеўскіх часоў.

Будуць мець значэнне два галоўныя фактары. Першы — ці набярэцца ў эміграцыі крытычная маса людзей, якія працягнуць атаесамляць сябе з Беларуссю і працягнуць укладваць хоць нейкія намаганні ў яе будучыню, нават у цяжкіх умовах адаптацыі ў новых краінах пражывання. Сам знаходжуся ў такой сітуацыі і пакуль вельмі незадаволены тым, што ўдаецца нешта рабіць толькі ў вольны ад працы і бытавых клопатаў час. Другі фактар — ці зразумеюць беларусы важнасць максімальнага дыстанцыравання ад Расіі (сярод іх шмат людзей, якія раней не надта цікавіліся беларускай культурай ці іншымі нярускімі культурамі Беларусі), наладжвання сувязей з суседзямі Беларусі і г.д. Я спадзяюся, што мы зможам паўтарыць вопыт эміграцыі з краін Цэнтральнай Еўропы, якія на рубяжы 1980-1990-х гг. здолелі істотна прычыніцца да перамен у сваіх краінах. Але гэта толькі гіпотэза, ніякай гарантыі тут даць немагчыма.

Дарэчы, можа быць, варта гаварыць пра некалькі беларускіх нацый: «рускіх са знакам якасці», «свядомых», яшчэ нейкіх? Магчыма, традыцыйны падыход да беларусаў як да чагосьці гамагеннага проста памылковы і няма тых «дзевяці мільёнаў» беларусаў, хаця столькі чалавек мае пашпарт РБ? Можа, беларусы — нацыянальна свядомыя, беларускамоўныя — «нацмены», як іх называе Лукашэнка, і іх тысячы, а не мільёны? Дык які ж тады ў іх патэнцыял?

Аляксандр Белы:Не, так не бывае, каб было “некалькі нацый” у адной дзяржаве. Але ў беларускім выпадку, я думаю, што скарэй няма ніводнай нацыі. Ёсць некалькі зародышаў нацыяўтварэння, у тым ліку афіцыёзны,ўсе цалкам варожыя адзін да аднаго.

Ну, а што, у Афганістане таксама ёсць нейкая дзяржава, хаця і сярэдневечная, а ніякай нацыі няма. Ёсць мара пра беларускую нацыю, якая б заняла сваё месца сярод іншых еўрапейскіх, але яна, на жаль, не падмацавана дастатковай культурнай працай у мінулыя дзесяцігоддзі, у параўнанні з іншымі народамі.

Таксама ёсць жаданне кіруючага класа кіраваць далей, і пакуль яму ўдаецца рабіць гэта на адным гвалце, без розных рытуалаў грамадзянскай салідарнасці, без развітай нацыянальнай культуры, якая б усіх аб’ядноўвала.

Рэжым Лукашэнкі і аго апанентаў аб’ядноўвае тое, што ўсе яны зацікаўлены ў захаванні незалежнасці Беларусі. Адны — дзеля захавання сваёй улады, другія — дзеля яе атрымання. Іншае пытанне, што яны з ёю зробяць…

Рэжым Лукашэнкі ставіць на выкарыстанне апарата насілля для ўтрымання ўлады. Гэта каштуе нашмат больш, чым забеспячэнне культурнага адзінства, фарміраванне адной нацыянальнай ідэнтычнасці, адной нацыі. І я думаю, што мы ў гэтым сэнсе вярнуліся ў XIV стагоддзе і можам застацца там яшчэ на доўгі час. Як і Афганістан. Хто ведае, можа з АМАПа і ГУБАЗіКа пачне фарміравацца новая “шляхта”, як гэта было ў часы Вітаўта, а маса насельніцтва застанецца бяспраўнымі прыгоннымі.

Мусіць жа і ў праваслаўных русінаў быць свая Крэўская унія і Гарадзельскі прывілей, толькі наадварот. А як без усяго гэтага Белай Русі адрадзіцца?

І гэта можа зацягнуцца яшчэ на некалькі стагоддзяў...

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Сяргей Бульба: Цяпер ва Украіне вырашаецца будучыня Беларусі — Украіна пераможа і гэта шанс для нас

07.07.2022 18:40
Стваральнік першых сучасных беларускіх ваенна-патрыятычных арганізацый Сяргей Бульба лічыць, што калі б Украіна прайграла ў вайне, то Беларусь не вызвалілася б ад Расіі.

Польскі гісторык: Русь была ў нас, а не ў Масковіі

21.07.2022 16:31
Жыгімонт Аўгуст быў упэўнены, што руская традыцыя — «яго», маўляў, хто валодае Кіевам, той валодае Руссю, той і ёсць Руссю, тлумачыць польскі гісторык Херонім Граля.

Польскі даследчык: Да дэмакратычнай еўрапейскай беларускай Беларусі, магчыма, трэба пачакаць яшчэ адно-два пакаленні

28.07.2022 15:39
Цэнтр дыялогу імя Юліюша Мерашэўскага будзе больш увагі прысвячаць польска-беларускім адносінам, анансуе намеснік дырэктара ўстановы гісторык і палітолаг Лукаш Адамскі.