Беларуская Служба

Гісторык: Ідэя незалежнай Беларусі і нацыянальнай адметнасці беларусаў ад рускіх урэшце пераможа

29.09.2022 15:50
Гісторык і палітолаг Лукаш Адамскі лічыць, што прарасійскі кірунак палітыкі ўлад Беларусі бесперспектыўны.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Л.Адамскі пра падзеі 1939 і 2022 гг.
           .
Скульптура Архангела Міхаіла каля касцёла Святога Сымона і Святой Алены ў Мінску.Pixabay.com

У верасні 1939 года, пасля захопу Чырвонай Арміяй усходніх тэрыторый Рэспублікі Польшча, пачаўся працэс далучэння гэтых зямель да СССР. Правёўшы на днях псеўдарэферэндум у акупіраваных раёнах Украіны, Расія паўтарае ўсё тое, што ўжо было ў гісторыі хаця б у тым жа 1939 г., калі Масква заняла беларускія і ўкраінскія, а таксама частку польскіх і літоўскіх зямель РП і анексіравала іх пад выглядам “народнага вылевыяўлення”.

17 верасня ў Беларусі адзначаўся г. зв. Дзень народнага адзінства, які фармальна быў прымеркаваны да гадавіны падзей 17 верасня 1939 г., калі Чырвоная Армія ўвайшла на ўсходнія тэрыторыі Польшчы і “вызваліла” іх (гледзячы з Масквы і Мінска) або “захапіла” (гледзячы з Варшавы).

На самай справе г. зв. Дзень народнага адзінства больш звязаны не з падзеямі 1939 г., а з сённяшняй палітыкай. Польшча падтрымлівае тыя сілы ў Беларусі і сярод беларусаў, якія імкнуцца да незалежнасці краіны ад Расіі, да дэмакратычных стандартаў грамадска-палітычнага жыцця. А Лукашэнка, як прарасійскі і антыдэмакратычны палітык, узурпатар улады робіць усё, каб адказаць Польшчы сіметрычна.

І ўсё ж, падзеі 1939 г. невыпадкова “ўсплылі” з забыцця. Яны сімвалізуюць гвалтоўнае вырашэнне міждзяржаўных і міжнацыянальных праблем. Тымі ж метадамі, што і сталінскі рэжым у 1939 г., сёлета дзейнічае пуцінска-лукашэнкаўскі хаўрус, атакуючы Украіну.

Правёўшы на днях псеўдарэферэндум у акупіраваных раёнах Украіны, Расія дзейнічала як быццам бы паводле метадычкі са сталінскіх архіваў. Пасля захопу беларускіх і ўкраінскіх зямель Польшчы, Сталін загадаў правесці там псеўдавыбары (без альтэрнатыўных кандыдатаў і кантролю за падлікам галасоў) у г. зв. Народныя сходы Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Гэтыя псеўдапарламенты ў кастрычніку 1939 г. прынялі звароты з просьбай аб далучэнні гэтых тэрыторый да СССР (не да БССР і УССР нават!).

Ніякага народнага волевыяўлення не было ні на акупіраваных землях Польшчы ў 1939 г., ні на захопленых тэрыторыях Украіны ў 2022 г. Аднак агрэсар у абодвух выпадках адзін — Масква.

Праўда, у 1939 г. Масква далучала часткі Польшчы да СССР і, адпаведна, да БССР і УССР. А цяпер Масква атакуе Украіну, “заступнікам” за якую спрабавала сябе крывадушна выставіць у 1939 г.

У Беларусі сітуацыя яшчэ больш абсурдная. Лукашэнка абвяшчае сябе патрыётам Беларусі, а на самай справе цягне краіну ў абдымкі Расіі. І нават на сходзе з яго ўдзелам у г.зв. Дзень народнага адзінства ўвесь манеж “Мінск-Арэны” быў аформлены на рускай мове. Што, аднак, дазваляе правесці яшчэ адну паралель. Таксама на рускай мове было выканана афармленне зала беластоцкага тэатра ў 1939 г., дзе адбыўся г. зв. Народны сход Заходняй Беларусі.

Сапраўды, старыя метады працуюць, а метадычкі не страчваюць актуальнасці.

Падзеі 1939 г. у кантэксце сучаснай агрэсіі Расіі супраць Украіны каменціруе намеснік дырэктара Цэнтра дыялогу імя Юліюша Мерашэўскага гісторык і палітолаг Лукаш Адамскі.

Лукаш Адамскі: — Рэжым Лукашэнкі маніпулюе датай 17 верасня таксама як гэта рабіла савецкая прапаганда. Аднак ва Украіне, трэба сказаць, вельмі змянілася ўспрыманне гэтай даты і прама гаворыцца пра тое, што тады адбыўся акт агрэсіі супраць польскай дзяржавы. І так сапраўды было.

Расія парушыла шэраг фундаментальных прававых актаў, якія вызначалі як польска-савецкую граніцу, у прыватнасці, Рыжскі мірны дагавор 1921 г. А мірныя дагаворы прынята заключаць з пачуццём узаемнага даверу і намерам іх выконваць. Тут таксама дарэчы ўспомніць пакт, заключаны ў 1928 г., які забараняў вядзенне агрэсіўных войн. Згодна з гэтым пактам, усе спрэчкі паміж дзяржавамі трэба вырашаць толькі мірным шляхам, і гэты пакт да гэтага часу дзейнічае. Ён дэлегалізаваў вайну як сродак вядзення палітыкі. Гэта вельмі важна, бо раней вайна была легальным спосабам вядзення палітыкі. Так, вядома, прасцей і лягчэй было вырашаць спрэчкі мірным шляхам, але калі гэта не ўдавалася, то закон і тагачасныя звычаі дазвалялі ваяваць. Але з 1928 г. гэта забаронена.

Да таго ж, у 1930-я гг. Масква падпісала чарговыя пагадненні з Польшчай і краінамі Балтыі. І пытанне аб тым, хто ж быў у 1939 г. агрэсарам, гучала б у сувязі з гэтымі фактамі рытарычна.

Дзеянні Чырвонай Арміі, пачынаючы з 17 верасня 1939 г., адпавядаюць усім крытэрыям, якія характарызуюць, паводле прававых норм, агрэсара.

Лукаш Адамскі напамінае, як на самай справе развіваліся падзеі ўвосень 1939 года падчас агрэсіі СССР супраць Польшчы. І, трэба падкрэсліць, што гэта вельмі напамінае дзеянні Расіі ў адносінах да Украіны ў 2022 годзе, але ёсць і адрозненні.

Лукаш Адамскі: — Чырвоная Армія заняла ўсходнія ваяводствы Польшчы і потым іх анексіравала, г.зн. незаконна акупіруючы, уключыла ў склад СССР. У той жа час гэтыя падзеі прывялі да ўз’яднання ўсіх зямель, якія лічылі сваімі ўкраінская і беларуская нацыянальныя эліты, а ўкраінцы і беларусы як народы лічылі сваімі нацыянальнымі тэрыторыямі.

У гэтым выпадку мы маем справу са злачынствам СССР, аднак з пэўным пазітыўным вынікам — не для ўсіх, але ў даным выпадку для значнай часткі ўкраінцаў і беларусаў, бадай, так ёсць: яны лічаць, што было б цяжэй злучыць Львоў і Кіеў, калі б не сталінская агрэсія.

Аднак мне не вядомы сацыялагічныя даныя аб тым, што ўкраінцы думаюць пра гэта, ці варта было гэта рабіць. Бо трэба ўспомніць, што гэта сталінскае “ўз’яднанне” было аплачана сотнямі тысяч дэпартаваных і забітых як украінцаў, так і палякаў. Нельга забываць таксама змаганне УПА супраць саветызацыі насельнітцва Галіцыі і Валыні. УПА таксама мела на сваім сумленні злачынствы супраць палякаў, але ў памяці ўкраінцаў засталася як гераічная сіла, якая змагалася супраць саветызацыі.

Ну і трэба таксама ўлічыць, што наступныя 50 гадоў савецкі таталітарызм панаваў на землях Заходняй Украіны. Ці гэта цана, якую варта было плаціць за ўз’яднанне ўкраінскіх зямель? Гэта пытанне, на якое я не знаходжу адказу. Кожны павінен даць сваю ацэнку.

Як бы ні складвалася гісторыя, і якія б ваенныя рэсурсы ні выкарыстоўвала Расія, гэтага недастаткова, каб ажыццявіць яе мэты канчаткова і беспаваротна, — мяркуе Лукаш Адамскі.

Лукаш Адамскі: — У доўгатэрміновай перспектыве, на працягу дзесяцігоддзяў, рухаючай сілай з’яўляецца ідэя, а не ваенная сіла.

І ў сувязі з гэтым можна сказаць, што дэмакратычная ідэя, ідэя прыналежнасці Украіны да Еўропы, ідэя аднаўлення гістарычных, даўніх сувязей з Польшчай, якія набылі інтэнсіўнасць асабліва з ХІІІ ст., цяпер, перад абліччам вайны ва Украіне і пагрозы самому існаванню ўкраінскай дзяржавы, атрымалі перавагу.

У святле нядаўняга сацыялагічнага даследавання, якое правёў ва Украіне Цэнтр дыялогу імя Юліюша Мерашэўскага, пераважная большасць украінцаў хацела б больш цесных сувязей з Польшчай, а 29% апытаных хацела б стварэння пэўнай польска-ўкраінскай супольнасці, якая была знішчана калісьці Расійскай імперыяй.

Такім чынам, савецкая агрэсія ў 1939 г. і дзеянні савецкага рэжыму ў наступныя гады знішчылі польскую дзяржаву, украінскія сілы, якія імкнуліся да незалежнасці, але савецкія “дасягненні” не вытрымалі выпрабавання часам — усяго за 50 гадоў.

Лукаш Адамскі ўпэўнены і ў тым, што прарасійскі кірунак палітыкі ўлад Беларусі таксама бесперспектыўны.

Лукаш Адамскі: — Ідэя незалежнай Беларусі і нацыянальнай адметнасці беларусаў ад рускіх урэшце пераможа, бо нельга змагацца з часам. А беларуская ідэя больш сучасная, чым пуцінскія трызненні аб існнаванні нейкага “трыадзінага” агульнарускага народа, у склад якога ўваходзяць беларусы.

Лукаш Адамскі мяркуе, што Расія дзейнічае паводле ўстарэлых схем і ўяўленняў. Прычым гэты схематызм мыслення практычна не змяніўся з 1939 г., калі Расія напала на Польшчу.

Лукаш Адамскі: — Расія кіруецца прынцыпам, што сіла мае значэнне і сведчыць пра магутнасць і прэстыж дзяржавы. І можна трымаць сілай пад сваім кантролем, “з’ядноўваць” вакол сябе дзяржавы і народы.

СССР быў ілюзорнай федэрацыяй, якая існавала толькі на паперы. На самай справе гэта была руская дзяржава са спецыфічнай савецкай ідэалогіяй, якая з 1930-х гг. базавалася на рускай нацыянальнай культуры. Паводле дактрыны гэтай культурнай палітыкі, украінцы, беларусы і рускія — гэта “адзін народ”, які з’яўляецца нейкай асобай цывілізацыяй, перш за ўсё ў адносінах да Захаду. Таксама сцвярджаецца, што быццам бы рускія бліжэйшыя ўкраінцам і беларусам, чым палякі.

Натуральна, што гэта не прывабная ідэалогія ні для ўкраінцаў, ні для беларусаў, тым больш, калі яна падмацавана агрэсіяй. І таму гэта схіляе не толькі ўкраінскія эліты, але і эліты іншых постсавецкіх дзяржаў да таго, каб аддаляцца ад Расіі або проста з ёю змагацца, бо Расія пагражае гэтым нацыям і іх культурам.

Адносіны Расіі да сваіх суседзяў кардынальна адрозніваюцца ад падыходаў Польшчы. 

Лукаш Адамскі: — Польшча ўспрымае украінцаў, беларусаў і літоўцаў як народы-спадкаемцы даўняй Рэчы Паспалітай, і хоча дапамагчы ім знайсці належнае месца ў той цывілізацыйна-культурнай і палітычнай прасторы, да якой належыць Польшча. І здаецца, гэта з’яўляецца аб’ектыўным інтарэсам гэтых дзяржаў. І эліты гэтых дзяржаў, а ў выпадку Беларусі — прынамсі інтэлектуальныя эліты, гэта цэняць.

Таму Польшча цяпер мае добры імідж ва Украіне. І тут я яшчэ раз спашлюся на сацыялагічнае даследаванне, пра якое ўжо гаварыў, паводле якога 83% украінцаў лічаць палякаў сябрамі, адносяцца да іх пазітыўна. А адмоўна да палякаў ставіцца толькі 1% украінцаў.

У той жа час вынікі апытання паказваюць адваротную карціну ў адносінах украінцаў да рускіх. 86% украінцаў лічаць рускіх ворагамі, а прыязна ставіцца толькі 2%. Гэта той вынік, якога Пуцін дасягнуў сваёй вайной і сваёй палітыкай у адносінах да Украіны, якая базуецца на прынцыпах рускага нацыяналізму ХІХ ст.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Польскі даследчык: Да дэмакратычнай еўрапейскай беларускай Беларусі, магчыма, трэба пачакаць яшчэ адно-два пакаленні

28.07.2022 15:39
Цэнтр дыялогу імя Юліюша Мерашэўскага будзе больш увагі прысвячаць польска-беларускім адносінам, анансуе намеснік дырэктара ўстановы гісторык і палітолаг Лукаш Адамскі.