Беларуская Служба

Туск абвяшчае кампанію па назіранні за выбарамі

27.01.2023 18:45
У пятніцу раніцай Дональд Туск выступіў з кароткай заявай у Сэнаце «перад абліччам чарговага парушэння асноўных прынцыпаў дэмакратыі».
Donald Tusk.
Donald Tusk.PAP/Przemysław Piątkowski

- Той, хто мяняе правілы гульні, уводзіць новыя правілы ў Выбарчы кодэкс непасрэдна перад выбарамі, фактычна парушае асноўныя прынцыпы дэмакратыі, - сказаў старшыня «Грамадзянскай платформы» (Platformy Obywatelskiej) Дональд Туск. - Наш адказ на пагрозу маніпуляцый і фальсіфікацыі выбараў - падрыхтоўка вялікай кампаніі па назіранні за выбарамі.

Дональд Туск заклікае назіраць за выбарамі, піша партал onet.pl.

«Калі яны сёння гатовыя ў святле камер, пры паднятай заслоне, маніпуляваць выбарчым заканадаўствам, каб павялічыць свае электаральныя шанцы, то лёгка ўявіць, што яны будуць здольныя і на іншыя віды маніпуляцый», – заявіў Туск, маючы на ўвазе партыю «Права і Справядлівасць» (Prawo i Sprawiedliwość).

У чацвер вечарам Сейм прыняў папраўкі ў выбарчы кодэкс. Яны прадугледжваюць стварэнне дадатковых выбарчых камісій у населеных пунктах з колькасцю жыхароў менш за 200 чалавек, падвоз выбарцаў на ўчасткі для галасавання, дзе няма грамадскага транспарту, увядзенне аплаты для давераных асобаў.

Дэпутаты ПіС сцвярджаюць, што мэта зменаў – павялічыць яўку і даступнасць выбарчых участкаў. Апазіцыя патрабавала аднавіць галасаванне па пошце, але папраўка не была прынятая.

Папраўку падтрымалі 230 дэпутатаў, 220 выказаліся супраць, ніхто не ўстрымаўся пры галасаванні.

Згодна з судовай практыкай Канстытуцыйнага суда, істотныя змены ў закон аб арганізацыі выбараў не могуць быць унесены пазней чым за шэсць месяцаў да дня прызначэння выбараў. Апошняя дата, да якой прэзідэнт павінен прызначыць восеньскія выбары, – 14 жніўня. Апошні дзень, калі папраўка ў Выбарчы кодэкс можа юрыдычна ўступіць у сілу, – 14 лютага.

Праект быў прадстаўлены як парламенцкі, з-за чаго стадыя кансультацый, неабходная для ўрадавых праектаў, была апушчана.

У Польшчы гэтай восенню мусяць адбыцца парламенцкія выбары.

вх