Беларуская Служба

Польскія навукоўцы працуюць над наватарскімі тэхналогіямі лячэння хваробаў вачэй

11.05.2023 12:26
Цэнтр ICTER быў створаны з дапамогай еўрапейскіх фондаў.
ВокаCC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/

Польскія навукоўцы з Міжнароднага цэнтра даследаванняў вачэй (ICTER) у Варшаве працуюць над рэвалюцыйнымі тэхналогіямі дыягностыкі і лячэння самых сур'ёзных хвароб вачэй.

Цэнтр ICTER быў створаны дзякуючы еўрапейскім фондам.

Дырэктар цэнтра, прафесар Мацей Вайткоўскі (Maciej Wojtkowski) сказаў, што навукоўцы працуюць над наватарскімі тэхналогіямі візуалізацыі працэсаў, якія адбываюцца ў воку. Іх мэта – палепшыць лячэнне, якое захоўвае або аднаўляе зрок. «Наша задача – стварыць новыя спосабы лячэння вочных хваробаў», – дадаў прафесар Вайткоўскі:

- Нас цікавяць сучасныя, наватарскія тэрапіі, напрыклад лячэнне генетычных захворванняў, або лячэнне звязанае з перасадкай фрагментаў сеткавіцы – гэта толькі ўводзіцца ў практычнае выкарыстанне; даследаванне гэтак званай флуарэсцэнтнасці – святла, якое даюць пэўныя часцінкі вока. Яны актыўна ўдзельнічаюць у хімічных працэсах звязаных з бачаннем. Мы першымі ў свеце правялі эксперыменты і даказалі, што існуе магчымасць замяраць гэтыя імпульсы ў воку чалавека.

«ICTER – адна з чатырнаццаці міжнародных даследчых праграм, якія фінансуюцца за сродкі ЕС», – сказаў віцэ-прэзідэнт Фонду польскай навукі доктар Томаш Пэркоўскі (Tomasz Perkowski):

- Утрыманне аднаго падобнага навуковага цэнтра каштуе 30-40 млн злотых. Тут праводзяцца вельмі наватарскія даследаванні, вынікі якіх могуць быць выкарыстаны ў ахове здароўя, быць часткай тэхналагічнага прагрэсу. Дасканалым прыкладам зʼяўляецца цэнтр, дзе мы цяпер знаходзімся – ICTER. Тут распрацоўваюцца новыя тэхналогіі дыягностыкі і прафілактыкі ў лячэнні вочных хвароб.

У Цэнтры ICTER адна трэць навуковых супрацоўнікаў гэта замежнікі. Міжнародны цэнтр даследаванняў вачэй супрацоўнічае з вядучымі ў свеце цэнтрамі даследаванняў вачэй, у тым ліку з Універсітэцкім каледжам Лондана – стратэгічным партнёрам Цэнтра ICTER.

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка