У жніўні бягучага года рэдактар і ўладальнік сайта «Віцебскі кур’ер news» Аляксандр Корнышаў заявіў парталу «Позірк», што незалежныя рэгіянальныя беларускія СМІ знаходзяцца ў вельмі складаным становішчы. «У нас няма магчымасцяў для фінансавання, мы працягваем працаваць на голым энтузіязме», — адзначыў рэдактар. У падобнай сітуацыі апынуўся праект «Маланка медыя» і брэсцкі незалежны сайт BGmedia.
Пры гэтым да 2020 года сітуацыя на рэгіянальным узроўні была часта адваротнай: недзяржаўныя рэгіянальныя СМІ, напрыклад 12 газет, якія былі членамі Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы друкаваліся ды мелі аўтарытэт у грамадстве, кажа звязаны з рэгіянальным друкам Генадзь.
— Ці была ў нам моцная рэгіянальная прэса? Была. У некаторых раёнах, абласцях была больш распаўсюджаная і папулярная. Напрыклад, шмат газет было ў Мінскай вобласці, у Брэсцкай вобласці, і на Гарадзеншчыне. Яны не называліся апазіцыйнымі газетамі, а недзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі, які вельмі праўдзіва і па-журналісцку асвятлялі падзеі, які адбываюцца, і казалі пра тое, што цікавіла людзей. Таму яны мелі ўплыў, давер. Яны займалі нейтральную пазіцыю, не падпарадкоўваліся ніякім партыям, ці грамадскім арганізацыям, уладзе. Таму ў іх былі немалыя тыражы, і яны ўмелі зарабляць грошы.
Насуперак абмежаванням ды адсутнасці роўных правоў з дзяржаўнай прэсай сектар развіваўся, кажа наш суразмоўца.
—Многія гады, дзесяцігоддзі, у рэгіянальных недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі не было роўных правоў у тым, што тычыцца распаўсюджвання газет, таксама ў падпісцы, таму што для дзяржаўных заўсёды была прымусовая падпіска. Недзяржаўныя сваім майстэрствам, прафесійнасцю, уменням працаваць з рэкламадаўцамі, зараблялі і развіваліся. Мала таго, што яны друкавалі газеты, яны хутчэй за ўсіх перабудоўваліся, таму што гэта былі фактычны камерцыйныя праекты, далёкія ад палітыкі, якія працавалі, каб утрымаць калектыў. Людзям падабалася праца ў рэгіянальных выданнях, ім было цікава. Яны першымі пайшлі ў Інтэрнэт, яны заўсёды былі наперадзе і ў сацыяльных сетках. Іншым разам у асобнай вобласці на якім-небудзь пасяджэнні ўпраўленні ідэалогіі аблвыканкамаў падводзілі вынікі, напрыклад, дзяржаўных газет і пералічвалі колькі ў іх розных Телеграм каналаў, Вайбераў ды іншых сацсетак, але ў некаторых недзяржаўных рэдакцый было больш прысутнасці ў сацсетках чым у «раёнках» разам узятых. Раёнкі ж былі, вядома, у кожным горадзе, у кожным раёне. Яны фінансаваліся напрамую, бо ў бюджэт закладаліся грошы, вядома ж. Яшчэ яны карысталіся тым, што ім з розных крыніц ішло дзяржаўнае фінансаванне, і была прымусовая падпіска. Фактычна прымусовае, тому што былі распараджэнні ўладаў. Але папулярнымі былі недзяржаўныя рэгіянальныя выданні. Яны знаходзілі цікавыя тэмы, сачылі за трэндамі, былі аператыўнымі. Дзякуючы працы, якую рабілі журналісты рэгіянальных недзяржаўных медый, для многіх людзей, яны былі амаль што апошняй інстанцыяй. Не адміністрацыя прэзідэнта, а як раз прэса. У нас быў аўтарытэт, людзі прыходзілі скардзіцца на выканкам, казалі толькі вы можаце дапамагчы.
Што здарылася ў 2020-м годзе пасля сфальсіфікаваных выбараў?
— Напэўна некаму падалося так, што якраз рэгіянальныя сродкі масавай інфармацыі, адыгралі вельмі вялікую ролю, і таму на іх пачаўся проста страшэнны прэсінг. Вядома ж, яны не парушалі ніякіх законаў, яны вельмі ўважліва адносіліся з пункту гледжання права да таго, што яны пішуць, у адрозненні ад тых жа дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, каторыя зараз адкрыта называюцца сродкамі прапаганды. Гэта афіцыйная пазіцыя ўлады. Дык вось тое, што яны мелі вялікі ўплыў і пісалі рэальную праўду пра тое, што адбываецца, на іх пачаўся вялізарны прэсінг. Вобшукі, затрыманні журналістаў, супраць якіх пачалі фабрыкаваць, фальсіфікаваць справы. Рэальна фальсіфікаваць, таму што забаранялася фактычна свабода меркавання, што гарантуе артыкул 33 Канстытуцыі. Потым пачалося цкаванне журналістаў, які проста прыходзілі на сваю працу, апісвалі падзей, апісвалі, што людзі выходзілі з пратэстамі, але яны былі па-за палітыкаю. Людзі ж бачылі, як на гэта рэагуе ўлада і якімі метадамі яна гэта робіць, і яны не падтрымлівалі такую пазіцыю ўладаў. У адказ пайшла мэтанакіраваная кампанія фактычна на знішчэнне за тую чэсную і справядлівую працу, якую рабілі журналісты, а ўлада іх проста знішчыла.
Знішчэнне рэгіянальнай прэсы было цэнтралізаваным рашэннем, але мясцовыя ўлады выкарысталі сітуацыю, каб адпомсціць журналістам за аб’ектыўнае асвятленне іх дзейнасці, кажа наш суразмоўца.
— На маю думку, гэта было, канешне, цэнтралізаванае рашэнне, якое планавалася па майму меркаванню аналітычным цэнтрам пры прэзідэнце, там, дзе ствараюцца законы. Там сядзяць разумныя людзі, іх ніхто не ведае, але гэта яны ўсё плануюць, а не тыя дэпутаты, якія сядзяць у Палатцы. Гэта было цэнтралізаваная рашэнне, але, улічваючы, што яно пайшла па ўсёй вертыкалі, вядома, у кагосьці з’явілася нагода адпомсціць. Таму што ў некаторых райвыканкамах рэгіянальныя газеты ці сайты ўспрымаліся як асабістыя ворагі, бо яны паказвалі некампетэнтнасць, безгаспадарчасць, уздымалі шматлікія праблемы людзей, сацыяльныя клопаты. Яны проста рабілі сваю справу, але для чыноўнікаў гэта псавала ім паказчыкі, за што іх з Мінску «ператрахівалі». Вось яны і помсцілі.
У выніку цяпер з 12 газет, якія з'яўляюцца членамі Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб'яднаныя мас-медыя», на паперы ўжо не выходзяць ніводнае выданне. Некаторыя спрабуюць падтрымліваць сайты.
Юры Ліхтаровіч