Неразумна адназначна ставіць на палітыка, які мае мала шанцаў на перавыбранне. Тым больш, што лагер яго праціўнікаў, які з вялікай доляй верагоднасці ў хуткім часе прыйдзе да ўлады, вельмі негатыўна да гэтага ставіцца, піша ў газеце Rzeczpospolita публіцыст Ежы Хашчыньскі.
Здавалася б, робіцца тое, што належыць рабіць кіраўніку дзяржавы. Прэзідэнт Польшчы ляціць на сустрэчу з Дональдам Трампам, каб не рэкламаваць турыстычны ваўчар, а займацца замежнай палітыкай у кантэксце бяспекі і адносінаў з ЗША. Аднак, усё ўскладняе той факт, што Польшча знаходзіцца на апошняй прамой выбарчай гонкі.
Нацыянальная бяспека не павінна быць часткай гучных перадвыбарчых абяцанняў і лозунгаў. Так не павінна быць ніколі, асабліва цяпер. Цяпер - гэта значыць у той момант, калі прэзідэнт Злучаных Штатаў не можа гарантаваць Польшчы нічога новага.
Абяцаць Трамп можа ўсё што заўгодна: тысячы салдат, перакінутыя з Германіі, два форта Трамп, але з гэтага іала што атрымаецца. Ідэя Трампа аб вывадзе войскаў з Нямеччыны сутыкаецца з вялікім супрацівам, у тым ліку і ў яго Рэспубліканскай партыі. 85% рэспубліканцаў, якія займаюцца ваеннымі справамі ў Палаце прадстаўнікоў, лічаць, што прэзідэнт Трамп такім чынам паставіць пад пагрозу бяспеку Амерыкі і ўмацуе пазіцыю Расіі.
Да таго ж у тое, што цяперашні прэзідэнт ЗША застанецца на наступны тэрмін, верыць ужо толькі невялікая частка элітаў Рэспубліканскай партыі. Астатнія адварочваюцца ад яго, рыхтуюцца да складаных часоў у апазіцыі. Ставіць адназначна на палітыка, у якога мала шанцаў на перавыбранне, заўсёды неразумна.
Ад прэзідэнта Трампа можна спадзявацца ўсяго, у тым ліку 24 чэрвеня, калі ў Вашынгтон з афіцыйным візітам прыбудзе прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. На жаль, у гэтым візіце цяжка ўгледзець нейкі пазітыўны сцэнар для Польшчы. Пра будучую сустрэчу прэзідэнтаў Польшчы і ЗША для выдання Rzeczpopsolita пісаў публіцыст Ежы Хашчыньскі.
эж