Некаторыя гродзенскія рэстараны сёлета наагул не будуць працаваць у навагоднюю ноч з-за таго, што кліенты адазвалі свае замовы. Іншыя скардзяцца на невялікую колькасць карпаратываў.
Калі летась месцы ў рэстаранах былі забраніраваныя яшчэ з восені, то сёлета шмат якія карпаратывы адклікалі свае замовы на сустрэчу Новага года ў рэстаране.
Сёлета сярэдні кошт навагодняй ночы ў гродзенскіх рэстаранах складае прыкладна 160 рублёў.
Так у рэстаране «Верас» яшчэ і зараз палова месцаў на навагоднюю ноч пустуе і гэта пры тым, што колькасць гасцей скарочана з улікам санітарных нормаў.
У рэстаране «Белыя росы» банкеты маюць адбыцца толькі ў адной зале, паколькі трэць замоваў ужо скасавана.
Гаспадары рэстарана сумна заўважаюць, што калі і надалей госці будуць адмаўляцца ад замоваў, то 31 снежня рэстарана працаваць не будзе.
Многія гродзенцы кажуць, што традыцыю сустракаць Новы год у рэстаране сёлета парушыў каранавірус.
Праўда, некаторыя з гэтым не пагаджаюцца, іх цешыць тое, што ўрэшце можна заказаць столік без праблем у любым рэстаране горада.
Алесь ЗАВІНОЎСКІ