Беларуская Служба

Польскі генерал: Украінскія салдаты не павінны ісці з голымі рукамі на рускія танкі – НАТА мусіць падтрымліваць Кіеў

04.07.2024 16:43
«НАТА павінна быць салідарнай структурай і супрацьстаяць варварскай агрэсіі Расіі».
Дывізіённы генерал Раман Полькакрыніца: prezydent.pl

Для бяспекі нашай краіны ключавой справай з’яўляецца спыненне Украінай агрэсара – гэтае пытанне Польшча павінна прасоўваць на саміце НАТА, які неўзабаве пройдзе ў Вашынгтоне. Пра гэта ў эфіры Польскага радыё сказаў афіцэр спецвойск Польшчы ў адстаўцы, дывізіённы генерал (генерал-лейтэнант – рэд.) Раман Полька. Ён зазначыў, што для бяспекі Польшчы і агулам НАТА пакт павінен прыняць праграму пастаяннай падтрымкі Кіева.

- НАТА павінна быць салідарнай структурай і супрацьстаяць варварскай агрэсіі Расіі. Я спадзяюся, што на саміце пакт прыме рашэнні аб пастаяннай падтрымцы Украіны. Каб не было сітуацыі, якая мела месца ў канцы мінулага, на пачатку бягучага года, калі дапамога была спыненая, і ўкраінскія салдаты былі прымушаныя ісці з голымі рукамі на рускія танкі.

Сёлета адзначаецца 75-я гадавіна стварэння НАТА.

Юбілейная сустрэча ў вярхах Паўночнаатлантычнага пакту пройдзе ў Вашынгтоне з 9 па 11 ліпеня. Адной з галоўных тэм саміту будзе падтрымка Украіны.

Польскую дэлегацыю на вашынгтонскай сустрэчы ўзначаліць прэзідэнт Анджэй Дуда. У яе склад увойдуць, у прыватнасці, віцэ-прэм'ер і міністр абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш і міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі.