«Моладзь ідзе на выбары!» — так у свабодным перакладзе гучыць адзін з лозунгаў грамадскай кампаніі, зладжанай у Польшчы перад выбарамі прэзідэнта дзяржавы. Што важна, гэтую акцыю арганізавалі не бацькі або дзядулі, бабулі маладых людзей, а самі вучні ды студэнты, якія мяркуюць, што іх равеснікі маглі б прымаць у выбарах больш актыўны ўдзел.
Кампанію «Młodzi — głosujmy!», падчас якой удзельнікі актыўна агітуюць за яўку на выбарчыя ўчасткі маладых людзей, зладзіла асацыяцыя Akcja Uczniowska (Актыўнасць вучняў). Актывісты падарожнічаюць па розных гарадах краіны і пераконваюць маладых людзей уключыцца ў важнейшую дэмакратычную працэдуру, якой з’яўляюцца выбары.
Важнейшая мэта кампаніі зразумелая — заахвоціць маладых палякаў прыйсці на выбарчыя ўчасткі і прагаласаваць на прэзідэнцкіх выбарах. Акрамя таго, агулам важна павышаць грамадскую актыўнасць маладых, якія часам кажуць, што ад іх няшмат залежыць, хаця, на самой справе, моладзь складае значную частку выбаршчыкаў, таму яна з’яўляецца істотнай палітычнай сілаю. Пры гэтым, на думку арганізатараў кампаніі, маладыя павінна нагадваць пра сваё існаванне.
Каардынатар кампаніі Павел Мрозек (Paweł Mrozek) адзначае, што галасаванне на выбарах — гэта не толькі рашэнне аб тым, хто стане прэзідэнтам, але і актыўнае дзеянне ў бок змен, якія патрэбныя маладым палякам.
— Мы чуем вельмі шмат сапраўды выдатных прапаноў канкрэтных змен, якія можна ўвесці практычна неадкладна або ў бліжэйшым часе. Аднак, калі мы пытаем маладых людзей, вучняў, ці яны збіраюцца ісці на выбары, мы бачым, на жаль, вельмі мала паднятых рук.
Маладыя актывісты ездзяць з кампаніяй па розных гарадах Польшчы, яны пабывалі між іншым, у Кракаве, дзе іх падтрымаў Радаслаў Мажэнцкі (Radosław Marzęcki), палітолаг і прафесар Універсітэта Камісіі Нацыянальнай Асветы ў Кракаве.
— Мы тут знаходзімся з такой мэтаю, каб звярнуцца да кандыдатаў – выйдзіце да маладых людзей, пачніце з імі сур’ёзна размаўляць. Толькі такім чынам вы маглі б стаць для іх сапраўдным лідарам. А сапраўдны лідар – гэта той чалавек, які можа на самой справе заахвоціць маладых людзей ісці галасаваць. У гэтым таксама зацікаўленыя і самі кандыдаты. У 2023 годзе 3 мільёны 300 тысяч маладых людзей прынялі ўдзел у парламенцкіх выбарах.
У Польшчы ды іншых дзяржавах з падобнай дэмаграфічнай структурай, дзе пераважаюць пажылыя людзі, кандыдаты часта забываюць пра маладых, высоўваючы на першае месца прапановы для іншых груп выбаршчыкаў, у тым ліку пенсіянераў. Іх патрэбы, канешне, таксама важныя, але менавіта маладыя з’яўляюцца будучым кожнай краіны. На жаль, многія кандыдаты кіруюцца сваімі інтарэсамі, - кажа Каліна Клапоцка (Kalina Kłopocka).
— Спасылаючыся на апошнюю справаздачу фондаў More in Common Polska і “Важных спраў”, 80% маладых грамадзян ва ўзросце 18-29 гадоў лічыць, што ўрад больш клапоціцца пра пажылых людзей, чым пра маладых. У сваю чаргу, дзве траціны лічаць, што ў крызіснай сітуацыі яны не могуць звярнуцца па дапамогу да дзяржавы і яе інстытутаў.
Як падкрэсліваюць арганізатары кампаніі, яна носіць апалітычны характар. Важна, каб маладыя выбіралі кандыдатаў згодна са сваімі поглядамі і ўласным сумленнем. Таму ў рамках кампаніі няма агітацыі за канкрэтных кандыдатаў. Меркаваннем актывісткі Зузаны Глух (Zuzanna Głuch), маладыя людзі ў пераважнай большасці хацелі б, каб іх голас меў большае значэнне.
— Маладыя людзі не хочуць быць толькі атрымальнікамі рашэнняў, мы хочам быць аўтарамі ўласнай будучыні. Я заклікаю ўсіх маладых, і не толькі, - ідзіце на выбары, галасуйце. Хай ваш голас будзе сапраўдны і важны, згодны з вашымі перакананнямі. З нашымі рашэннямі ў дадзены час звязана наша будучыня.
Маладыя людзі хацелі б, каб кандыдаты ставіліся да іх сур’ёзна, каб быў сапраўдны дыялог, а часта гэтага дыялогу няма або ён вельмі абмежаваны, і таму здараецца, што маладыя цягнуцца да палітыкаў, якія прадстаўляюць больш крайнія погляды, але ствараюць уражанне, што слухаюць маладых.
Якія тэмы, якія справы важныя для маладых людзей? Гэта, у прыватнасці, кліматычныя змены. Праблема, да якой прадстаўнікі старэйшага пакалення палітыкаў часта ставяцца скептычна або нават жартаўліва. Праўда, гэтая тэма крыху прыціхла, перш за ўсё гэта звязана з вайной за ўсходняй мяжой Польшчы і эканамічным крызісам, але гэта не значыць, што пытанні клімату перасталі цікавіць і хваляваць людзей. На жаль, гэтая тэма амаль што зусім не агучваецца ў часе выбарчай кампаніі ў Польшчы.
Нагадаем, першы тур прэзідэнцкіх выбараў адбудзецца ў краіне 18 мая.
IAR/нг