Беларуская Служба

Каб дасягнуць сапраўднай роўнасці, патрэбна яшчэ каля сотні гадоў — палітолаг пра жанчын у палітыцы

17.03.2026 15:52
Чым вышэй пасада і больш улады, тым менш жанчын.
Аўдыё
 :    ,  ,  ,    (Adam Gendźwiłł).
Удзельнікі дэбатаў: злева направа Юстына Васіль, Аляксандра Касёрэк, Магдалена Беят, сацыёлаг Адам Гендзьвіл (Adam Gendźwiłł).Фота: Беларуская служба Польскага радыё/нг

У Польшчы жанчыны ўсё больш актыўна ўдзельнічаюць у мясцовым самакіраванні. Аднак па-ранейшаму яны застаюцца ў меншасці. І, чым вышэй пасада і больш улады, тым менш жанчын. 

Жанчыны складаюць каля 30–33 працэнтаў дэпутатаў мясцовых радаў — гмін, паветаў і ваяводстваў. У буйных гмінах іх доля — прыкладна 32%, а ў асобных рэгіёнах — нават больш. Напрыклад, у Мазавецкім ваяводстве — каля 38 працэнтаў, у Заходнепаморскім ваяводстве — больш за 37%.

Разам з тым, жанчыны значна радзей займаюць кіруючыя пасады вышэйшага ўзроўню — такія як войт, бурмістр або прэзідэнт (мэр) горада. Тут іх прадстаўніцтва істотна ніжэйшае. Затое на лакальным узроўні сітуацыя выглядае інакш. Каля паловы солтысаў (кіраўнікоў сельскага пасялення) у Польшчы — гэта жанчыны.

Эксперты адзначаюць, што ўдзел жанчын у самакіраванні стабільна расце з 1990-х гадоў. Сітуацыя значна лепшая, чым у 1990 годзе, але, пры актуальных тэндэнцыях, патрэбныя яшчэ дзясяткі гадоў, каб дасягнуць сапраўднага парытэту паміж жанчынамі і мужчынамі ў органах мясцовай улады. Аб гэтым казала падчас дэбатаў, зладжаных прадстаўніцтвам Еўрапейскага парламента ў Польшчы палітолаг, гісторык доктар Юстына Васіль (Justyna Wasil).

 Мы пачыналі з прыкладна дзевяці працэнтаў. Пры нагодзе кожных выбараў жанчын было ўсё больш – рост на ўзроўні ад трох да пяці працэнтных пунктаў. Такім чынам, нельга казаць пра рэзкі рост. Паводле розных даследаванняў, каб дасягнуць сапраўднай роўнасці, патрэбна яшчэ каля сотні гадоў.

Магчыма, не прыйдзецца чакаць так доўга, паколькі жанчыны ўсё больш актыўныя ў палітыцы, яны часцей балатуюцца на выбарах. Цяпер яны складаюць да 40–47 працэнтаў кандыдатаў. І паступова выбаршчыкі прывыкаюць, што жанчыны могуць быць не горшымі палітыкамі, чым мужчыны, а, магчыма, нават лепшымі. Напрыклад, у Трыгарадзе – Гданьску, Сопаце і Гдыні – пасады мэраў займаюць жанчыны, аб чым казала прэзідэнт Гдыні Аляксандра Касёрэк (Aleksandra Kosiorek).

 Не трэба будзе чакаць сто гадоў. Вецер перамен дзьме хутчэй, і ён заўсёды дзьме з поўначы. У Трыгарадзе тры жанчыны-прэзідэнткі. І мы любім паказвацца ў СМІ разам. Двайныя стандарты, канешне, ёсць, і трэба навучыцца з імі жыць, бо інакш можна проста адмовіцца ад усялякай дзейнасці. Я магу гадзінамі расказваць пра хейт, які выліваецца ў інтэрнэце на жанчын — іх крытыкуюць за ўсё — за выгляд, за паводзіны, за тое, што яны надта мяккія або надта цвёрдыя. Калі я спакойна вяду перамовы – кажуць пра адсутнасць рашучасці, а калі выступаю больш цвёрда — адразу кажуць, што я нярвовая істэрычка. І ў гэтым праяўляюцца двайныя стандарты адносна мужчын і жанчын. І чым вышэй удаецца зайсці жанчыне, тым больш людзей хоча падкінуць свае тры капейкі ў гэты наратыў.   

Палітыку ўсё яшчэ часам успрымаюць як брудную справу, не месца для далікатных жанчын. Гэта заўсёды быў мужчынскі свет, сістэма, у якой цяжка прабіцца жанчыне. Акрамя таго, у жанчын часта назіраецца так званы “сіндром ашуканца” — калі чалавек, нягледзячы на добрую падрыхтоўку і веды, не верыць у свае сілы і мяркуе, што ён не павінен прэтэндаваць на высокую пасаду, — адзначыла намесніца маршалка Сенату, былая кандыдатка ў прэзідэнты Польшчы Магдалена Беят (Magdalena Biejat).

 Калі мы рыхтавалі спісы кандыдатаў на выбары ў парламент, шукалі магчымасці ўнесці аднолькавую колькасць жанчын і мужчын. Як вядома, у Польшчы ёсць квоты, і таму як мінімум 30% спісу павінны складаць прадстаўнікі аднаго полу, але мы стараліся, каб была палова жанчын. І я часта чула ад калег, што гэта немагчыма, паколькі няма адпаведнай колькасці кампетэнтных жанчын. Калі няма неабходнасці, тады нікому не хочацца гэтых жанчын шукаць. Гэта мужчынскі свет, у якім шмат гадоў дамінавалі мужчыны, якія ведаюць іншых мужчын, сябруюць з імі, рэкамендуюць сваіх калег. Пры гэтым, мы сустракаемся часта з бар’ерамі з боку саміх жанчын, якія мяркуюць, што квоты ці парытэт нейкім чынам іх зневажаюць. Многія жанчыны ганаровыя, яны хацелі б, каб усё залежала толькі ад кампетэнцыі. Але гэта няпраўда. Я ведаю вельмі шмат выдатна падрыхтаваных жанчын, якія 40 разоў падумаюць, ці яны на сваім месцы, ці яны гатовыя заняць тую ці іншую пасаду. І я ведаю ў два разы больш мужчын, якія ніколі не сумняваюцца ў сваіх ведах. Яны выказваюць сваё меркаванне, нават калі не чыталі законапраекту і не маюць паняцця, пра што ідзе гаворка.   

Жанчыны ўсё больш актыўна дзейнічаюць у муніцыпальнай палітыцы ў Польшчы. Калі ў сярэдзіне 90-х гадоў яны складалі толькі каля 13 працэнтаў народных прадстаўнікоў у радах гмін, то сёння — ужо больш за 30 адсоткаў. Аднак, нягледзячы на станоўчую дынаміку, асноўная тэндэнцыя застаецца нязменнай: чым вышэйшы ўзровень улады, тым менш там жанчын. А пра жанчын у органах самакіравання дыскутавалі падчас дэбатаў, зладжаных у прадстаўніцтве Еўрапейскага парламента ў Варшаве.

нг