Дзмітрый, ужо прайшло даволі шмат часу з моманту, калі цябе вызваліліі і вывезлі ў Літву. Што адбылося за гэты час? і што ты цяпер робіш?
— Вядома, складана адаптавацца ў новай краіне, у эміграцыі. але гэта перыяд ужо скончыўся. Шмат часу заняла легалізацыя і атрыманне дакументаў — каля сямі месяцаў.
Але ў той жа час я ўдзячны Літве, якая аказала садзейнічанне. і, у прынцыпе, цяпер усе дакументы ў парадку. Ну і пачынаецца новае жыццё, новы этап, новыя выклікі.
Гэта, зноў жа, вяртанне ў палітычную дзейнасць.
Ёсць планы, калі яшчэ вызваляцца мае паплечнікі па партыі, якія цяпер знаходзяцца ў турме. то мы пачнем ужо займацца аднаўленнем партыі.
Яшчэ адзін з кірункаў, якім займаюся, якім жыву, чым займаўся ў Беларусі, гэта бізнэс, звязаны з перапрацоўкай адходаў. Я стварыў кампанію ў Літве і вельмі актыўна цяпер займаюся тым, што спрабую ўвайсці ў смеццевы бізнэс Літвы.
І трэці кірунак, які для мяне новы, гэта — стварэнне прафзвязу работнікаў сферы абыходжання з адходамі ў Літве. Ёсць дамоўленасць з Канфедэрацыяй прафсаюзаў Літвы. Мы хочам узаемадзейнічаць з мігрантамі, якія працуюць у гэтай сферы, таму што там бываюць праблемы, звязаныя з невыплатай заробкаў, са смеццевымі крызісамі, з працаўладкаваннем гэтых людзей.
Можаш параўнаць, як займацца такім бізнесам было ў Беларусі і цяпер у Літве?
— Праблема ў тым, што трэба пачынаць усё з нуля. У Беларусі бізнэс я пачынаў у 2002 годзе ў гэтай галіне. І таму ў гэтым сэнсе зараз цяжэй. Але, калі казаць агулам, то стварэнне кампаніі ў Літве займае не шмат часу, няма ніякіх праблем. Літоўскае заканадаўства дазваляе год адаптаваць бізнес. Дзяржава дапамагае, у адрозненне ад Беларусі,дзе як толькі ты зарэгістраваў кампанію, адразу табе прылятаюць плацяжы, а яшчэ і штрафы. У Літве з гэтым трошкі прасцей.
З іншага боку — канкурэнцыя. Табе трэба заняць пэўную нішу, адваяваць сваё месца пад сонцам, як у любым бізнэсе. І канкурэнцыя ў Літве таксама існуе ў гэтай галіне, таму шукаем нейкія нішы, шукаем напрамкі, каб выжываць. Але, вядома, у Літве прасцей з пункту гледжання атмасферы вядзення бізнэсу, таму што тут няма такога ціску як у Беларусі, ты не баішся праверак, не баішся нейкіх рэпрэсій, тут, вядома, такога няма. Тут, наадварот, калі ў бізнэсоўцаў ёсць нейкія праблемы, яны выходзяць у СМІ і падымаюць гэтыя праблемы, і грамадства ўжо рэагуе.
І яшчэ вельмі важным адрозненнем ад Беларусі ёсць судовая сістэма, якая, калі бачыць несправядлівасць, становіцца на бок закона, а не займаецца нейкімі там кулуарнымі, нядобрымі справамі.
Таму ў Літве вельмі адчувальная розніца вядзення бізнэсу ў параўнанні з Беларуссю.
Магчыма ўжо ёсць планы перайсці ў іншыя краіны ЕС? Перапрацоўка смецця — даволі запатрабаваны бізнэс.
— Планы ёсць, і яны вельмі дынамічныя.
У мяне ёсць вялікі вопыт у гэтай сферы і гэта дазваляе хутка рэагаваць на розныя выклікі. Але кампаніі літаральна толькі два месяцы, і трэба зарабіць капітал, каб потым маштабаваць.
Я гляджу, як уладкаваная сістэма збору адходаў у Польшчы.
Яна трохі на больш высокім узроўні, чым у Літве. Ужо ўбачыў нейкія напрамкі, якія хацелася б паспрабаваць рэалізаваць. У тым ліку і ў Літве, таму што для мяне асноўным цяпер горадам, дзе я збіраюся жыць і весці справы, з'яўляецца Вільня.
Калі з’явіцца магчымасць, вернешся і будзеш весці бізнэс у Беларусі? Ці асядзеш у Еўропе і станеш тут «смеццевым магнатам»?
— Я даў сабе пасля вызвалення час да трох гадоў, каб вярнуцца. Гэта, вядома, будзе звязана з палітычным становішчам і з пераменамі ў Беларусі.
Але, калі казаць пра Беларусь, то там адкрыецца акно магчымасцяў, калі будуць рэформы, калі будуць змены, калі Беларусь абярэ еўрапейскі шлях развіцця. Тады досвед і капітал, якія, спадзяюся, зараблю ў Літве, перанясу ў Беларусь. Таму што Беларусь — гэта радзіма. Я жыву надзеяй, што рана ці позна вярнуся.
Але для гэтага трэба ўсё ж такі, каб быў запыт на інтэграцыю Беларусі ў Еўрапейскую прастору. Гэта будзе каласальнай перавагай для эканомікі і для бізнесу ўнутры краіны.
Бо зараз у Беларусі атмасфера, якая не дазваляе весці бізнэс. Там нама самага галоўнага, няма свабоды. І гэтую свабоду трэба шанаваць як для бізнесу, так і асабіста.
Падрыхтавала Аксана Колб