Беларуская Служба

Гісторык: Галоўным «ворагам» міжваеннай Польшчы на Палессі быў украінскі нацыянальны рух

12.10.2025 21:01
Як катэгорыя «тутэйшыя» стала інструментам дзяржаўнай палітыкі міжваеннай Польшчы і чаму галоўнай пагрозай на Палессі лічылі не беларусаў, а ўкраінцаў?
Аўдыё
  • Як катэгорыя «тутэйшыя» стала інструментам дзяржаўнай палітыкі міжваеннай Польшчы і чаму галоўнай пагрозай на Палессі лічылі не беларусаў, а ўкраінцаў? Адказвае гісторык Павел Абламскі
. , 1890 . ()
«Балоты. Палессе», 1890 г. (ілюстрацыя)Іван Шышкін

Працягваем размову з беларускім гісторыкам Паўлам Абламскім, які працуе ў Сілезскім універсітэце. Раней разам з Беларускай службай Польскага радыё гісторык абмяркоўваў нацыянальную палітыку міжваеннай Польшчы ў Палескім ваяводстве.

Павел Абламскі падрабязней распавядзе пра «тутэшых» у міжваеннай Польшчы:

— Гэтая катэгорыя з’явілася ў афіцыйным справааодстве адроджанай Польшчы яшчэ ў 1919 годзе, калі быў праведзены перапіс насельніцтва Цывільнай адміністрацыяй ўсходніх зямель. Тады «тутэшых» ужо зафіксавалі, але гэтая група была малалікая. У наступным перапісе яна зусім не фігуравала. «Тутэйшыя» зноў з’яўляюцца толькі ў перапісе 1931 года — і выключна ў Палескім ваяводстве. 

— Калі мы бачым, што група існуе толькі ў адміністрацыйных межах рэгіёну, адразу ўзнікаюць пытанні, праўда?

— Сапраўды, я знайшоў нават імя і прозвішча той асобы, якая загадала ўвесці гэтую катэгорыю. Гэта быў намеснік міністра ўнутраных спраў Уладзіслаў Корсак. Абгрунтоўвалася гэта тым, што Палессе — спецыфічны рэгіён, і такая катэгорыя, маўляў, дазволіць больш аб’ектыўна паглядзець на нацыянальную рэчаіснасць. Але як адбываўся перапіс і як перапісчыкі ўносілі гэтую катэгорыю, шмат у чым залежала ад канкрэтнага службоўца. У маіх працах я прыводжу дакументы, якія сведчаць пра злоўжыванні гэтай катэгорыяй. У выніку на Заходнім Палессі атрымалася 62% «тутэйшых» — больш за 600 тысяч чалавек.

— Як гэтая катэгорыя выкарыстоўвалася далей падчас рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі? Навошта яна была патрэбная?

— Увядзенне такой нацыянальнай катэгорыі дазваляла ваяводзе Заходняга Палесся Вацлаву Костак-Бярнацкаму інтэрпрэтаваць вынік перапісу такі чынам, маўляў, беларускі ці ўкраінскі рух не маюць ніякага права намагацца «прышчапіць»  тутэйшым  беларускую ці ўкраінскую нацыянальную свядомасць. Гэта стала падставай для правядзення даволі брутальных дзеянняў адносна актывістаў гэтых нацыянальных рухаў дзеля паступовай паланізацыі насельніцтва рэгіёну.

— Якія гэта былі інструменты? Як з гэтых жыхароў імкнуліся зрабіць палякаў пасля 1931 года?

— Назаву два вагомыя інструменты. Першы — паланізацыя праваслаўнай царквы.

— Патлумачце, пра якую праваслаўную царкву гаворка. Бо ў Польшчы з 1924 года ўжо існавала Аўтакефальная Польская Праваслаўная Царква са сваім Томасам, незалежная ад Масквы.

— Так, гэта была Пінская епархія, частка Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Але тое, што царква стала аўтакефальнай, не азначала, што яна стала культурна польскай. Інерцыя часоў Расійскай імперыі была вельмі глыбокая. Духавенства, асабліва ніжэйшае, заставалася па сутнасці расійскім. Яно вельмі прыхільна ставілася да «трыадзінага расійскага народа» — што ёсць адзін расійскі народ, які складаецца з вялікарусаў, маларосаў-украінцаў і беларусаў. Нават падчас выбараў яны агітавалі за прарасійскіх кандыдатаў. Рабілі гэта паспяхова.

Напрыклад, у 1928 годзе Палессе выбрала ў польскі Сейм Паўла Кораля — прадстаўніка ўласна рускага нацыянальнага руху. Ваявода Костэк-Бярнацкі намагаўся адміністрацыйна накінуць польскі характар гэтай справе. Палітык загадаў весці справаводства ў царкве па-польску, выдаваць метрыкі нараджэння на польскай мове, запісваць імёны ў польскай форме — Рыгор станавіўся Гжэгашам. Таксама Закон Божы ў школах выкладаўся па-польску. Дазвалялася нібыта «мясцовая гаворка», але паколькі яна не была кадыфікаваная, на практыцы гэта таксама азначала польскую мову.

— А другі інструмент?

— Напачатку 1930-ых усе ініцытывы нацыянальных меншасцяў былі разагнаныя, у тым ліку, Таварыства Беларускай Школы, украінская «Просвіта» і ўскраінскія кааператывы. Але гэта не канец.  Ваявода Костэк-Бярнацкі ўвёў своеасаблівую штучную адміністрацыйную мяжу. Я называю яе новым Сакальскім кардонам. Сакальскі кардон — гэта мяжа паміж Усходняй Галічыной і Валынню. Такую палітыку размежавання праводзіў валынскі ваявода, каб не дапусціць уплыву ўкраінскага нацыяналізму з Галічыны на Валынь.

На Палессі было зроблена аналагічна. Гэта мяжа дзейнічала вельмі эфектыўна: нават нефармальныя кантакты былі ўскладнены. Украінскім актывістам было складана прыехаць на Палессе. А калі нехта прыязджаў, паліцыя пільна сачыла за актывістамі. Напрыклад, прыязджаў інструктар украінскага кааператыву — і паліцыя дакладна ведала, куды ён накіруецца, з кім будзе мець зносіны. Гэта не было складана, бо чыгунка мае расклад, колькасць прыезджых невялікая. Далей запускаўся механізм рэпрэсій, калі была такая патрэба. 

Гэтая палітыка стварала пэўную герметызацыю тэрыторыі і не дапускала ўплываў нацыянальных рухаў на мясцовае, як яго тады акрэслілі — тутэшае — насельніцтва. Перадусім улада змагалася з украінскім рухам.

Слухайце аўдыё! 

Размаўляў Эдуард Жолуд

Больш на гэтую тэму: Машына часу

«Беларускія партызаны» аказаліся прасавецкімі бандытамі

07.11.2019 15:41
У Пружанскім павеце ў 1925 годзе дзейнічала банда з прасавецкімі настроямі.

Севярын Віславух – заступнік беларусаў у міжваеннай Польшчы

16.03.2020 13:54
«Ад пачатку існавання Польшчы мы не змаглі адказаць пазітыўнай палітыкай у стасунках да беларусаў. Мы вырашылі маўчаць.(...)»

Караліна Падруцкая — полька, якая 15 гадоў даследуе спеў беларускага Палесся

20.08.2025 18:08
Караліна Падруцкая ўжо 15 гадоў даследуе песенныя традыцыі Палесся, імкнучыся захаваць унікальныя галасы, што дагэтуль жывуць у вёсках.

Гісторык: Міжваенная Польшча ўспрымала «тутэйшасць» палешукоў як першы крок да паланізацыі

07.10.2025 16:15
Павел Абламскі з Сілезскага ўніверсітэта расказвае пра канкурэнцыю нацыянальных праектаў і складаныя адносіны польскай дзяржавы з насельніцтвам Палесся.