Беларуская Служба

Яанна Героўская—Калаўр: «Ажыццявіўся найгоршы для палякаў і беларусаў сцэнарый»

17.10.2019 10:02
Яанна Героўская—Калаўр аналізуе сітуацыю на землях былога ВКЛ у выніку Першай сусветнай вайны.
Аўдыё
  • Гісторык Яанна Героўская-Калаўр пра 1914-1921 гг. у лёсе народаў былога ВКЛ.
.  .  . .  -    .   XVII .
Вільня. Кафедральны касцёл. Капліца Св. Казіміра. Герб польска-літоўскай Рэчы Паспалітую Абодвух Народаў. Першая палова XVII ст.Viktar Korbut

У Польшчы і Беларусі грамадства і гісторыкі працягваюць асэнсоўваць падзеі пачатку ХХ ст., калі адбываліся працэсы стварэння або аднаўлення нацыянальнай дзяржаўнасці. Адным з вядучых даследчыкаў у Польшчы гэтага пытання, асабліва беларуска-польскіх і літоўска-польскіх адносін, з’яўляецца гісторык Яанна Героўская—Калаўр (Joanna Gierowska-Kałłaur).


Яанна Героўская—Калаўр. Яанна Героўская—Калаўр.

Гісторык Яанна Героўская—Калаўр спецыялізуецца на гісторыі зямель былой Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў у пачатку XX ст. З 2004 г. вучоная чытае лекцыі ў Цэнтры даследавання Усходняй Еўропы Варшаўскага універсітэта (Studium Europy Wschodniej UW), з’яўляецца прафесарам Інстытута гісторыі Польскай акадэміі навук.

Яанна Героўская—Калаўр мае непасрэдныя адносіны да з’яўлення ў апошні час дзвюх фундаментальных кніг.


Aleksander Szklennik, Wspomnienia o wydarzeniach w Wilnie i w kraju. Dziennik, cz. I, Warszawa 2018. Aleksander Szklennik, Wspomnienia o wydarzeniach w Wilnie i w kraju. Dziennik, cz. I, Warszawa 2018.

Першая — гэта дзённік Аляксандра Шкленніка, які запісваў дзень за днём назіранні за тым, што адбывалася ў Вільні падчас нямецкай акупацыі ў перыяд Першай сусветнай вайны. Дзённікі Шкленніка Яанна Героўская—Калаўр выявіла ў Вільні дваццаць год таму. І летась Інстытут гісторыі Польскай акадэміі навук у серыі „Metamorfozy społeczne, t. 18” («Грамадскія метамарфозы», т. 18) выдаў першы том, падрыхтаваны даследчыцай, які налічвае 960 старонак (Aleksander Szklennik, Wspomnienia o wydarzeniach w Wilnie i w kraju. Dziennik, cz. I (Аляксандр Шкленнік, Успаміны пра падзеі ў Вільні і ў краіне. Дзённік, ч. І)), а на чарзе сёлета — выхад другога і трэцяга, заключных тамоў. Гэта важная гістарычная крыніца, бо пад нямецкай акупацыяй у Вільні супрацоўнічалі і спаборнічалі палякі, літоўцы і беларусы, кожны з якіх меў сваё бачанне будучай дзяржаўнасці былых зямель Вялікага Княства Літоўскага.


Pierwsza niemiecka okupacja. Królestwo Polskie i kresy wschodnie pod okupacją mocarstw centralnych 1914-1918, Warszawa 2019. Pierwsza niemiecka okupacja. Królestwo Polskie i kresy wschodnie pod okupacją mocarstw centralnych 1914-1918, Warszawa 2019.

Таксама Яанна Героўская—Калаўр з’яўляецца сааўтарам выдання „Pierwsza niemiecka okupacja. Królestwo Polskie i kresy wschodnie pod okupacją mocarstw centralnych 1914-1918” («Першая нямецкая акупацыя. Каралеўства Польскае і ўсходнія ўскраіны пад акупацыяй імперый Цэнтральнай Еўропы ў 1914-1918 гг.»). Гэта кніга выйшла сёлета ў выдавецтве Інстытута гісторыі Польскай акадэміі навук у Варшаве пад рэдакцыяй Гжэгажа Кухарчыка. На 872 старонках апісваецца сітуацыя як у Польшчы, так і ў Беларусі і Літве. Яанна Героўска—Калаўр напісала для калектыўнай манаграфіі артыкул „Społeczeństwo polskie Ziem Północno-Wschodnich byłej Rzeczypospolitej Obojga Narodów wobec niemieckiej okupacji Ober Ost” («Польскае грамадства паўночна-ўсходніх тэрыторый былой Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў падчас нямецкай акупацыі ў зоне Обер-Ост»).

Выхад гэтых дзвюх кніг, а таксама ўдзел Яанны Героўскай—Калаўр у дыскусіі пра вытокі беларускай і польскай дзяржаўнасці ў ХХ ст. на VIII Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі, які прайшоў у Вільні сёлета ў верасні, сталі нагодай сустрэцца з даследчыцай і пацікавіцца ў яе пра тое, якія мадэлі суіснавання паміж палякамі і беларусамі былі магчымы ў пачатку ХХ ст.

Яанна Героўская—Калаўр:Было б памылкай аналізаваць падзеі 1914-1921 гг. толькі з пункту гледжання канкрэтнай нацыянальнай гісторыі і ў сваю чаргу ў катэгорыі двухбаковых адносін паміж Літвой, БНР, Польшчай, Украінай і двума вялікімі ігракамі той эпохі — Германіяй і Расіяй.

У перыяд, які я вывучаю, землі Беларусі знаходзілася не паміж Польшчай і Расіяй, а спадкаемцы былога ВКЛ і Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў мелі небяспечных суседзяў з усходу і захаду.

На жаль, беларускія і літоўскія лідары [ў той перыяд] прыйшлі да вываду, што Польшча і палякі ўяўляюць для іх нацыянальных інтарэсаў самую вялікую рэальную пагрозу.

Я дагэтуль безвынікова звяртаюся [да іншых даследчыкаў] — у Мінску, Каўнасе, Варшаве, сёлета ў верасні ў Вільні, каб яны адышлі ад даследавання нацыянальных гісторый і стварылі міжнародны даследчыцкі калектыў з мэтай напісання гісторыі зямель былога ВКЛ у 1914-1921 гг. І можа, нават, варта было б пачаць з рэвалюцыі 1905 г. У нас, гісторыкаў, яшчэ на самай справе многа работы.

Ці той сцэнарый, які ажыццявіўся ў 1914-1921 гадах, калі перастала існаваць Расійская імперыя і з'явіліся незалежныя Польшча, Літва, але не з’явіліся на карце Еўропы Беларусь і Украіна, быў адзіны магчымы?

Яанна Героўская—Калаўр: — Ажыццявіўся найгоршы для палякаў, беларусаў, а ў далейшай перспектыве для яўрэяў сцэнарый. Адзіныя са спадкаемцаў ВКЛ, хто выйграў у выніку Першай сусветнай вайны, — гэта літоўцы.

Адзіным ратункам для ўсіх названых [нацыянальнасцей] было аднаўленне саюза [паміж імі] ў ХХ стагоддзі ў сучаснай форме.

Ці ўлічылі палякі і беларусы памылкі, вопыт мінулага?

Яанна Героўская—Калаўр: — Нельга гаварыць “палякі” і “беларусы”. У нашых абедзвюх дзяржавах жывуць палякі, грамадзяне Беларусі, і беларусы, грамадзяне Польшчы. Кожны грамадзянін Польшчы і кожны грамадзянін Беларусі мае права на ўласныя погляды, якія часта з’яўляюца вынікам рэгламентаваных ведаў. Паколькі ніхто не абавязаны дэманстраваць, што ён сапраўды думае аб тым ці іншым, нельга рабіць абагульненняў, не ўлічваючы маўчання [часткі грамадства]. Гэта маўчанне таксама пра нешта сведчыць.

Што да гістарычнага вопыту. Час прыняцця рашэння, час выбару мінуў. Ніхто і нішто не верне нас у той «час выбару». Застаецца прааналізаваць працэсы, якія знішчылі нас як супольнасць. У тую эпоху мы мелі аднолькавыя пагрозы.

Мы жывём у рэальнасці, якую нам пакінулі ў спадчыну нашы папярэднікі. Усе лідары таго часу паддаліся маніпуляцыям [звонку]. Польскія, беларускія. Яўрэі паводзілі сябе найбольш разважліва.

Найспрытнейшымі аказаліся літоўцы. І рэзюмуючы, трэба сказаць, што найлепшы выхад з той складанай сітуацыі знайшлі самыя маленькія — літоўцы, бо яны не пагражалі вялікім ігракам.

Жыццё працягваецца далей. Але лёс склаўся аптымальна не для ўсіх, а толькі для адных спадкаемцаў былой Рэчы Паспалітай.

Чаму ў такім выпадку вучыць гісторыя? І ці навучыла яна нас чаму-небудзь?

Яанна Героўская—Калаўр: — Часам мне здаецца, што я гляджу выдатны амерыканскі фільм 1993 года «Дзень сурка».

[Сюжэт карціны — гісторыя метэаролага, які трапіў ў пятлю часу падчас штогадовага святкавання Дня сурка ў адным з амерыканскіх мястэчак. Выраз «Дзень сурка» ўвайшоў у мовы многіх народаў свету як сінонім падзеі, якая руцінна паўтараецца, манатоннага жыцця.]

Кнігі, якія дапамаглі б зразумець нашы праблемы ў мінулым, калі і з’яўляюцца, то ў мікраскапічных тыражах.

Рытарычнае пытанне: колькі беларусаў, якія выкарыстоўваюць розныя міжнародныя стыпендыяльныя праграмы, вяртаюцца дадому і распаўсюджваюць веды, якія атрымалі за мяжой?

Кожны чамусьці навучыўся ў жыцці. Выкарыстоўваючы стыпендыі або не. Застаецца пытанне аб іерархіі каштоўнасцей кожнага «кагосьці».

Застаецца пытанне, ці гэтыя веды такі чалавек хоча выкарыстаць для сваёй краіны, альбо выключна для сваёй асабістай кар’еры. Гэта мая рэфлексія адносіцца да ўсіх, не толькі да беларусаў.

Чэслаў Мілаш аднойчы напісаў вельмі мудры верш:

Nie jesteś jednak tak bezwolny,

A choćbyś był jak kamień polny,

Lawina bieg do tego zmienia,

Po jakich toczy się kamieniach.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост