Беларуская Служба

Беларусы Варшавы рыхтуюцца да Дня Волі

11.03.2021 10:03
Розныя мерапрыемствы да Дня Волі рыхтуюць адразу некалькі беларускіх і польскіх арганізацый у Варшаве.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Беларусы Варшавы рыхтуюцца да Дня Волі.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Facebook.com/BelaruskiDom

Беларусы ва ўсім свеце будуць адзначаць Дзень Волі — 103-ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Урачыстасці пройдуць і ў Варшаве. Розныя мерапрыемствы да Дня Волі рыхтуюць адразу некалькі арганізацый.

«Беларусь: Марш Свабоды» („Białoruś: marsz wolności”) — так называецца фотавыстаўка, якая праходзіць у варшаўскай Кардэгардзе — Нацыянальным цэнтры культуры. Экспазіцыя адлюстроўвае падзеі апошніх месяцаў у Беларусі — так як іх убачылі фатографы. Яны стварылі эмацыянальную карціну падзей, якія разгарнуліся на вуліцах Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія прайшлі 9 жніўня 2020 года і былі сфальсіфікаваны рэжымам Лукашэнкі.

Яанна Кіноўская, куратар выстаўкі «Беларусь: Марш Свабоды»:На фотаздымках мы бачым людзей з адкрытымі тварамі, усмешкамі. Яны нібы гавораць: мы ёсць — тут і цяпер. Мы бачым на здымках жанчын з кветкамі ў белым адзенні. А з другога боку мы бачым амапаўцаў і міліцыю. Мы бачым людзей у цывільным адзенні, якія кагосьці затрымліваюць. На адным са здымкаў мы бачым удзельніка дэманстрацыі, які паказвае свае раны. На іншай фатаграфіі чалавека, які выйшаў з турмы са швамі на целе пасля гумовых куль.

Выстаўка ў варшаўскай Кардэгардзе — Нацыянальным цэнтры культуры арганізавана пры падтрымцы Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы, па ініцыятыве Еўрапейскага парламента, які 16 снежня 2020 г. узнагародзіў дэмакратычную апазіцыю ў Беларусі Прэміяй імя Сахарава за праваабарончую дзейнасць. Аўтары фотаздымкаў: Дар'я Буракіна, Надзея Бужан, Андрэй Лянкевіч, Леся Пчолка, Вольга Шукайла, Юлія Шаблоўская і Аляксандр Васюковіч.

Выстаўка адкрыта да 25 сакавіка, калі беларусы ва ўсім свеце будуць адзначаць Дзень Волі — 103-ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Яанна Кіноўская:Гэта выстаўка патрэбна, каб мы ўвесь час памяталі, што адбываецца за ўсходняй граніцай — што беларусы ўвесь час змагаюцца, выходзяць на вуліцы. А з другога боку, мы павінны ведаць пра тое, што людзям пагражае: людзей выцягваюць з натоўпу, арыштоўваюць, асуджваюць, ёсць таксама некалькі смяротных ахвяр гэтых пратэстаў.

Сувязь падзей, якія адбываюцца ў Беларусі цяпер, і тых, што адбываліся 103 гады таму, відавочная: увесь гэты час ідзе змаганне за незалежную Беларусь, сапраўдны Беларускі дом, дзе ўсе яго насельнікі будуць «людзьмі звацца». Аднак, як паказвае гісторыя, шлях да сапраўднай незалежнасці і свабоды вельмі цяжкі, цярністы. Дагэтуль многія беларусы вымушаны ўцякаць, эмігрыраваць са сваёй бацькаўшчыны, шукаць ратунку за граніцай. Польшча — адна з тых краін, якая прымае беларусаў і аказвае ім дапамогу.


Многакультурны цэнтр у Варшаве, дзе 27 сакавіка 2021 года адбудзецца кірмаш вырабаў беларускіх майстроў. Многакультурны цэнтр у Варшаве, дзе 27 сакавіка 2021 года адбудзецца кірмаш вырабаў беларускіх майстроў.

Беларусы таксама самастойна дапамагаюць адзін аднаму. Адным з польска-беларускіх мерапрыемстваў у рамках польскай дапамогі і беларускай узаемадапамогі будзе кірмаш беларускага мастацтва „Sztuka białoruska — kiermasz sztuki przy pl. Hallera”, які адбудзецца 27 сакавіка з 10.30 да 17.00 у варшаўскім раёне Прага-Поўнач, каля плошчы Халера, у Многакультурным цэнтры (Centrum Wielokulturowe w Warszawie; ul. Jagiellońska 54). Суарганізатарам выступае фонд “Захад–Усход” (Fundacja Zachód-Wschód).

Вольга Сцяпанава, намеснік старшыні праўлення фонду “Захад–Усход”:Мы запрашаем усіх рамеснікаў, якія нейкім чынам звязаны з Беларуссю. Яны змогуць прадставіць свае вырабы. Калі нехта не можа прыехаць сам, з іншых мясцовасцей, то можа перадаць свае вырабы нам і мы іх выставім на кірмашы.  

Вольга Сцяпанава запрашае ўсіх жадаючых прыйсці на кірмаш і не толькі паглядзець на вырабы майстроў, але і набыць іх.

Вольга Сцяпанава:Большая частка сродкаў, заробленых на гэтай выстаўцы, пойдзе на дапамогу беларусам, на набыццё адзення, прадуктаў, на арганізацыю мерапрыемстваў.

Апрача таго, Вольга Сцяпанава запрашае беларусаў на заняткі ў Многакультурны цэнтр.

Вольга Сцяпанава:Штосуботу ў нас праходзяць заняткі па матэматыцы, маляванні. Мы хацелі б пашырыць нашу навучальную праграму, але, на жаль, не хапае месц. Усе беларусы, якія патрабуюць дапамогі, могуць напісаць да нас праз сайт або праз старонку на фэйсбуку.

К 103-й гадавіне абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі ў Варшаве таксама арганізуюцца навуковыя канферэнцыі. Кафедра міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта 25 сакавіка правядзе міжнародную навуковую канферэнцыю «Беларуская ідэнтычнасць: вопыт мінулага і выклікі сучаснасці». Навуковы форум прымеркаваны к 30-годдзю абвяшчэння незалежнасці Беларусі. Галоўнымі тэмамі канферэнцыі вызначаны: культурныя ўмовы развіцця беларускага нацыянальнага руху; беларускае нацыянальнае адраджэнне ў пачатку ХХ стагоддзя; Рэспубліка Беларусь пасля 1991 года; лёсавызначальныя падзеі ў беларускай культуры і літаратуры; галоўныя элементы беларускай ідэнтычнасці: мова і культура. Суарганізатарамі канферэнцыі з’яўляюцца Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў ЗША і Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе.

Навуковы гурток устойлівага развіцця, Гільдыя маладых людзей,  Міждысцыплінарны навуковы гурток дактарантаў Vendetta, Кола палітыкі дзяржаўнай бяспекі, Навукова-даследчы і медыцынска-адукацыйны інстытут 27-28 сакавіка правядуць агульнапольскую навуковую канферэнцыю “Беларусь — гісторыя, культура, традыцыі, людзі”.

Усе навуковыя форумы адбудуцца ў дыстанцыйным рэжыме.

21 сакавіка а 13.00 ад пл. Жалязнай Брамы ў Варшаве пачнецца традыцыйная святочная дэманстрацыя, арганізаваная фондам “Беларускі дом у Варшаве” к Дню Волі. Арганізатары заклікаюць удзельнікаў прыходзіць з беларускімі нацыянальнымі сімваламі.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост