Беларуская Служба

«Віла Дэцыуса» ў Кракаве ў апошнія 20 гадоў стала другім домам для многіх беларусаў

21.10.2021 10:01
У чэрвені-ліпені 2022 года ва ўстанове культуры «Віла Дэцыуса» ў Кракаве адбудзецца маштабнае мерапрыемства прысвечанае Беларусі.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Д.Каспровіч пра "Вілу Дэцыуса".
 .
Віла Дэцыуса.https://willadecjusza.pl/galeria

21 кастрычніка вечарам у Кракаве будуць абвешчаны лаўрэаты XVIII Польскай прэміі імя Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека нябожчыка Сержыу Віэйра ды Мэлу. Узнагарода называецца польскім “Оскарам” у галіне правоў чалавека. Сярод намінантаў ёсць і беларусы.

Польская прэмія імя Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Сержыу Віэйра ды Мэлу была заснавана ў 2003 г. кракаўскім таварыствам Willa Decjusza (“Віла Дэцыуса”).

Сержыу Віэйра ды Мэлу (1948-2003) — бразільскі дыпламат. За некалькі дзесяцігоддзяў працы ў ААН ён займаў шэраг пасад, у тым ліку: спецыяльнага прадстаўніка Генеральнага сакратара ААН у Косаве, адміністратара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый ва Усходнім Тыморы, Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (2002-2003) і спецыяльнага пасланніка Генеральнага сакратара ААН у Іраку. Займаючы апошнюю пасаду, ён загінуў 19 жніўня 2003 года ў выніку бомбавага ўдару па штаб-кватэры ААН у Багдадзе.

Сярод папярэдніх лаўрэатаў прэміі: Тадэвуш Мазавецкі (Польшча), Аляксандр Мілінкевіч (Беларусь), Крыстына Прыёмка-Серафін (Вялікабрытанія), Лейла Інус (Азербайджан), П'етра Бартала (Італія), Басіль Керскі (Польшча) і Таміла Ташава (Украіна), а таксама такія ўстановы, як: Хельсінкскі фонд правоў чалавека (Польшча), таварыства “Мемарыял” (Расійская Федэрацыя), Цэнтр прававой дапамогі імя Халіны Нець (Польшча), Фонд барацьбы з гандлем людзьмі і рабствам (Польшча), Міжрэлігійная рада Албаніі, Цэнтр міжнацыянальнага дыялогу і талерантнасці “Амаліпэ” (Балгарыя).

Сёлета было 19 кандыдатаў на атрыманне XVIII Польскай прэміі імя Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Сержыу Віэйра ды Мэлу.  Гэта людзі і арганізацыі з розных куткоў свету, у т.л. з Польшчы, Беларусі, Літвы, Расіі, Украіны, Малдовы, Марока, Лівана, Сірыі, Афганістана і Інданезіі, якія працуюць у галіне абароны правоў чалавека і дыялогу рэлігій і культур. Пераможцы атрымаюць фінансавую ўзнагароду, якую фінансуюць спонсары прэміі — Grupa ZUE і Ars Modi.

Членамі журы прэміі сёлета з’яўляліся прадстаўнікі паслоў Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія і Каралеўства Швецыі ў Польшчы, Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў, Вярхоўнага прадстаўніка Канцылярыі Прэзідэнта Рэспублікі Польшча, прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Рэспубліка Польшча, польскага амбудсмена, мэра горада Кракава, генеральнага консула ЗША ў Кракаве, а таксама фондаў, якія падтрымліваюць дзейнасць таварыства Willa Decjusza ў галіне правоў чалавека, заснавальнікі і спонсары прэміі, а таксама Дамініка Каспровіч, дырэктар таварыства Willa Decjusza.

Дамініка Каспровіч: — Willa Decjusza — гэта незвычайнае месца ў Кракаве: рэнесансны палац, акружаны прыгожым паркам. Гэта месца было адноўлена і перададзена грамадскай установе 25 год таму. З таго часу тут ажыццяўляюцца праграмы міжнароднага абмену, адукацыйныя, а таксама па пытаннях абароны правоў чалавека.

На працягу апошніх 20 гадоў Willa Decjusza супрацоўнічала з многімі грамадскімі, культурнымі дзеячамі з Беларусі.

Дамініка Каспровіч: — Нашым госцем быў Лявон Баршчэўскі. А летась лаўрэатам Польскай прэміі імя Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Сержыу Віэйра  ды Мэлу была праваабарончая арганізацыя з Беларусі “Вясна”, а нашым госцем — яе старшыня Алесь Бяляцкі.

Апрача творчых асоб, пісьменнікаў, перакладчыкаў нашымі гасцямі штогод з’яўляюцца беларускія студэнты, журналісты, маладыя лідары, іншыя культурныя дзеячы. Мы прапануем ім месцы ў адукацыйных праграмах для менеджараў устаноў культуры або ў “Летняй вышаградскай школе плюс”, якая прызначана для маладых літаратараў з краін Усходняга партнёрства. Такім чынам, няма ні месяца, ні года ў Willa Decjusza без беларускіх тэм і гасцей — мастакоў, студэнтаў. Таксама мы супрацоўнічаем з беларусамі, якія жывуць у Кракаве. І гэта супрацоўніцтва складваецца заўсёды плённа.

Сярод намінантаў XVIII Польскай прэміі імя Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Сержыу Віэйра ды Мэлу — група арганізацый, якія дзейнічаюць у Польшчы і Літве і аказваюць матэрыяльную, візавую, юрыдычную, псіхалагічную дапамогу, дапамогу ва ўладкаванні жыцця і рэабілітацыі людзям, рэпрэсіраваным у Беларусі рэжымам Лукашэнкі з жніўня 2020 года: «Краіна для жыцця» (зарэгістравана ў Польшчы і Літве), BySol, ByHelp, “Дапамога” (Літва), фонд “Беларускі дом”, Цэнтр беларускай салідарнасці (Польшча).

Гаворачы пра дзейнасць беларускіх арганізацый у Польшчы і Літве, Дамініка Каспровіч пералічвае іх заслугі:

Дамініка Каспровіч: — Гаворачы пра дзейнасць беларускіх арганізацый у Польшчы і Літве, варта адзначыць, што іх характарызуе шчыльнае супрацоўніцтва, добрая каардынацыя. Гэта ўзаемнае супрацоўнітцва і салідарнасць зрабілі магчымай дапамогу і падтрымку многіх людзей, якія патрабавалі гэтай дапамогі.

Рыхтуюцца наступныя мерапрыемствы пры ўдзеле беларусаў у Willa Decjusza.

Дамініка Каспровіч: — Пры падтрымцы ўлад Кракава на працягу некалькіх гадоў адбываецца мастацкі пікнік, які доўжыцца некалькі дзён і дае магчымасць прадставіць сябе творчым людзям, мастакам, літаратарам, актывістам, якія прадстаўляюць нацыянальныя меншасці, якія жывуць у Кракаве. Гэты праект ажыццяўляецца з думкай пра новых кракавян.

Willa Decjusza — гэта выключная прыгожая прастора. Вакол вілы знаходзіцца парк, дзе адкрываюцца вялікія магчымасці для творчасці. У мінулыя гады пленэры тут праводзілі госці са Славакіі, Венгрыі, Чэхіі і Украіны. У чэрвені-ліпені 2022 года адбудзецца мерапрыемства прысвечанае Беларусі. Гэта будзе магчымасць на тэрыторыі Willa Decjusza пазнаёміцца з беларусамі, якія жывуць у Кракаве, устанавіць новыя кантакты. Нашым дэвізам з’яўляюцца словы: “Віла — месца сустрэч”.

Мы перакананы, што мастакі і іх голас вельмі важныя ў будаванні моста паміж жыхарамі і культурамі. Менавіта па гэтай прычыне мы аддадзім сваю прастору беларусам і нададзім увагу беларускім творцам. Мы хочам гаварыць і павінны памятаць пра нашых сяброў, якія знаходзяцца ў Беларусі, якія аказаліся ў складанай сітуацыі — пад арыштам, у турмах або страцілі магчымасць для творчасці і яе папулярызацыі. Менавіта таму ў наступным годзе мы пастараемся даць ім такую прастору для творчасці ў Willa Decjusza.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Wspólnota Polska дапамагае палякам, якія ратуюцца ў Польшчы ад рэпрэсій у Беларусі

29.07.2021 14:02
Ужо больш за 50 сямей палякаў рэпрэсіраваных у Беларусі па прыездзе ў Польшчу атрымалі дапамогу ад арганізацыі Wspólnota Polska.