Пагадненне аб карысных выкапнях, заключанае паміж Злучанымі Штатамі Амерыкі і Украінай, не звязана з перамовамі аб завяршэнні вайны. Такую заяву зрабіла падчас брыфінгу прэс-сакратар Дзяржаўнага дэпартамента ЗША Тэмі Брус, аб чым паведамляе УНІАН.
«Пагадненне аб эканамічным партнёрстве паміж Злучанымі Штатамі і Украінай — гэта асобная дынаміка. Гэта тое, што павінна працягвацца і забяспечваць паступленне грошай у будучыні для аднаўлення (Украіны — рэд.) пасля заканчэння канфлікту», — падкрэсліла яна.
Брус таксама адзначыла, што размова ідзе аб эканамічным партнёрстве паміж Украінай і ЗША, якое «працягнецца пакаленнямі, будзе мець значэнне для кожнага ўкраінца і ўзмоцніць нацыянальную бяспеку іх краіны».
«Аднак, зноў жа, гэты механізм не звязаны з перамовамі, са спыненнем агню, з вайной. Але калі гаворка ідзе аб нацыянальнай бяспецы і аб тым, хто з’яўляецца тваімі сябрамі, быць сябрам Злучаных Штатаў — гэта тое, што зробіць вашу краіну больш абароненай і адкрывае будучыню для людзей», — сказала прэс-сакратар Дзярждэпа.
У пачатку мая 2025 года міністр фінансаў ЗША Скот Бесэнт і міністр эканомікі Украіны Юлія Свірыдзенка падпісалі пагадненне аб нетрах паміж краінамі. Яно прадугледжвае стварэнне Інвестыцыйнага фонду па аднаўленні Украіны, які будзе прыцягваць глабальныя інвестыцыі ва ўкраінскую дзяржаву.
8 траўня Вярхоўная Рада Украіны ратыфікавала гэтае пагадненне. «За» прагаласавалі 338 дэпутатаў. Адзначалася, што ратыфікацыя дакумента створыць прававыя падставы для рэалізацыі пагаднення паміж урадамі Украіны і ЗША аб стварэнні амерыкана-украінскага інвестыцыйнага фонду аднаўлення.
нг