Масква робіць стаўку на стратэгію знясілення і спрабуе падарваць здольнасць Украіны супраціўляцца, дэмаралізаваць яе насельніцтва і чакае зніжэння падтрымкі з боку Захаду, пра гэта гаворыцца ў штогадовай справаздачы «Ацэнка глабальных пагроз — 2025», падрыхтаванай Упраўленнем абароннай разведкі ЗША (DIA) для Кангрэса ЗША па стане на 11 мая 2025 года.
«Пуцін застаецца адданым ідэі перамогі ва Украіне, і яго мэты ў значнай ступені засталіся нязменнымі з пачатку вайны: нейтралітэт Украіны і далейшы падзел украінскай дзяржавы. Пры адсутнасці ўрэгулявання шляхам перамоваў або, як варыянт, моцнай падтрымкі з боку Захаду сітуацыя на полі бою, верагодна, будзе павольна змяняцца на карысць Расіі на працягу 2025 года, хоць тэмпы прасоўвання расійскіх войскаў запавольваюцца і суправаджаюцца значнымі стратамі ў асабістым складзе і тэхніцы».
З пачатку паўнамаштабнай агрэсіі Расія, паводле звестак амерыканскай разведкі, страціла больш за 700 000 вайскоўцаў, у тым ліку не менш за 170 000 забітымі, а таксама больш за 10 000 адзінак ваеннай тэхнікі, з якіх 3000 — танкі. Таксама было страчана каля 250 самалётаў і верталётаў.
Нягледзячы на гэта, расійскія войскі працягваюць паступовае прасоўванне ва ўсходняй Украіне і перакідваюць дадатковыя сілы, у тым ліку больш за 10 000 паўночнакарэйскіх вайскоўцаў на Курскую дугу, для падтрымкі наступу.
Акрамя таго, Расія актыўна выкарыстоўвае беспілотнікі-камікадзэ і ракеты далёкага радыусу дзеяння, атакуючы крытычна важную інфраструктуру Украіны з мэтай зламаць яе волю да супраціву.
У дакладзе таксама гаворыцца, што Пуцін не адмовіўся ад сваёй мэты навязаць Украіне пасляваенны нейтралітэт, абмежаваць яе ваенны патэнцыял і дасягнуць далейшага фрагментавання дзяржавы.
Што тычыцца Беларусі, то ў дакладзе адзначаецца, што Расія разглядае Беларусь як неад'емную частку адзінай і непадзельнай расійскай цывілізацыі, і Беларусь застаецца адным з найбліжэйшых партнёраў Расіі.
Расія імкнецца выкарыстаць свой Дагавор аб Саюзнай дзяржаве з Беларуссю, каб пашырыць свой палітычны кантроль над Беларуссю і захаваць стратэгічную глыбіню супраць НАТА. Расія карыстаецца стратэгічным размяшчэннем Беларусі ўздоўж паўночнай мяжы Украіны, выкарыстоўваючы Беларусь як лагістычны цэнтр, буфер з НАТА, месца для падрыхтоўкі войскаў, рэабілітацыі параненых вайскоўцаў, пачатку наступальных аперацый і паставак зброі на фронт.
вх