Беларуская Служба

Літва, Латвія і Эстонія дабіваюцца далучэння Украіны да ЕС да 2030 года

08.06.2025 13:38
Талін, Рыга і Вільня заявілі пра гатоўнасць падтрымліваць Украіну да яе поўнай перамогі, уключаючы вызваленне ўсіх часова акупаваных тэрыторый.
,
Талін, Рыга і Вільня заявілі пра гатоўнасць падтрымліваць Украіну да яе поўнай перамогіhttps://x.com/EuropeanPravda/status/1620805906156986368/photo/1

Камітэты ў міжнародных справах парламентаў Літвы, Латвіі і Эстоніі выступілі з супольнай заявай, у якой выразілі поўную падтрымку Украіне ў яе змаганні з расійскай агрэсіяй, а таксама пацвердзілі імкненне да яе далучэння да Еўрапейскага Саюза і НАТА. У дакуменце падкрэсліваецца: Украіна павінна стаць паўнапраўным членам ЕС не пазней за 1 студзеня 2030 года.

Пасяджэнне камітэтаў адбылося ў пятніцу, 6 чэрвеня, у Літве. У выніковай заяве бакі пацвердзілі сваю прыхільнасць прынцыпам суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і адзначылі, што перамога Украіны над Расіяй і яе далучэнне да НАТО з’яўляюцца ключавымі ўмовамі справядлівага і трывалага міру ў Еўропе.

Талін, Рыга і Вільня заявілі пра гатоўнасць падтрымліваць Украіну да яе поўнай перамогі, уключаючы вызваленне ўсіх часова акупаваных тэрыторый, прыцягненне вінаватых да адказнасці за ваенныя злачынствы і забеспячэнне справядлівасці праз міжнародныя механізмы.

Краіны Балтыі заклікалі да канкрэтных дзеянняў на саміце НАТА ў Гаазе ў 2025 годзе, каб паскорыць інтэграцыю Украіны ў Альянс. Акрамя таго, было прапанавана запрасіць Украіну далучыцца да Аб’яднаных экспедыцыйных сіл (JEF) — шматнацыянальнай абарончай ініцыятывы пад кіраўніцтвам Вялікабрытаніі.

«Мы заклікаем іншыя парламенты, міжнародныя арганізацыі і ўрады падтрымаць гэту заяву і зрабіць адпаведныя крокі на шляху да перамогі, аднаўлення і поўнай інтэграцыі Украіны ў еўраатлантычную супольнасць», — гаворыцца ў дакуменце.

PAP/эж