Польскі ўрад заклікаў палякаў устрымацца ад паездак у Іран і Ізраіль. У абедзвюх краінах дзейнічае найвышэйшы, чацвёрты ўзровень пагрозы для падарожнікаў. У цяперашні час няма планаў эвакуацыі польскіх грамадзян з рэгіёнаў, якія знаходзяцца пад пагрозай канфлікту.
Паводле звестак сістэмы рэгістрацыі палякаў за мяжой «Адысей», у Іране ў цяперашні час знаходзяцца чатыры грамадзяне Польшчы, а ў Ізраілі – 64.
Віцэ-прэм'ер і міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш(Władysław Kosiniak-Kamysz) просіць польскіх грамадзян, якія знаходзяцца ў рэгіёнах канфлікту, прыслухоўвацца да абʼяваў мясцовых уладаў:
- Паколькі сітуацыя вельмі дынамічная, просім вас сачыць за абʼявамі і выконваць паведамленні мясцовых уладаў, а таксама за інфармацыяй, якая будзе паступаць да вас з Міністэрства замежных спраў.
МЗС Польшчы пакуль не плануе эвакуяваць польскіх грамадзян з гэтага рэгіёну. Аднак намеснік міністра Генрыка Масціцка-Дэндыс(Henryka Mościcka-Dendys) падкрэсліла, што зараз не варта ехаць у Іран і Ізраіль:
- Абедзве гэтыя краіны маюць адносна высокі ўзровень пагрозы, а гэта значыць, што мы ўжо даўно не раім падарожнічаць у іх.
Як у Іране, так і ў Ізраілі абвешчаны чацвёрты, то бок найвышэйшы ўзровень пагрозы для падарожнікаў.
IAR/аз