Паводле інфармацыі амерыканскага галіновага сайта Space Intel Report, Расія заявіла міжнародным рэгулятарным органам, што будзе лічыць еўрапейскія спадарожнікі, якія, на думку расійскага кіраўніцтва, выкарыстоўваюцца для падтрымкі УС Украіны, законнай мэтай для ўздзеяння.
Такую пазіцыю прадстаўнікі Мінсувязі Расіі агучылі на пасяджэнні Міжнароднага саюза электрасувязі (МСЭ). Масква сцвярджае, што краіны, якія выкарыстоўваюць спадарожнікі ў грамадзянскіх або ваенных мэтах на карысць Украіны, пазбаўляюцца права на пратэст у выпадку заглушвання іх сігналаў Расіяй.
Расія заяўляе, што імкнецца пазбягаць перашкод у неваенных мэтах, але гатова дзейнічаць супраць спадарожнікаў, што спрыяюць Узброеным сілам Украіны.
The Moscow Times нагадвае, што Масква ўжо не першы год глушыць спадарожнікавыя сігналы. У прыватнасці, паведамлялася пра перашкоды GPS-сістэмам на самалётах і перахоп тэлевізійнага вяшчання з мэтай распаўсюджвання расійскай прапаганды.
PAP/эж