Беларуская Служба

У Кіеве развіталіся з маладой журналісткай, катаванай і забітай у расійскім палоне

08.08.2025 15:34
Медыцынскі аналіз цела, перададзенага Украіне ў лютым 2025 года, выявіў шматлікія сляды гвалту.
 .
Вікторыя Рошчына.Фота: БАЖ

Сотні людзей развіталіся ў пятніцу ў Кіеве з журналісткай Вікторыяй Рошчынай, забітай у расійскім палоне ў верасні 2024 года. Цела 28-гадовай дзяўчыны расіяне перадалі яе сям’і са шматлікімі слядамі катавання.

«Мы сёння развітваемся з Вікай, але ў нас засталося шмат пытанняў пра тое, што з ёй здарылася. І мы не развітваемся са справай яе смерці. Наша задача, як журналістаў, — высветліць, якім чынам яна загінула і хто дакладна за гэта адказны. Гэтыя людзі павінны быць пакараны», — сказала падчас цырымоніі на Майдане Незалежнасці ў цэнтры ўкраінскай сталіцы Ангеліна Каракіна з тэлеканала Hromadske.

Рошчына знікла ў жніўні 2023 года на тэрыторыі Запарожскай вобласці, акупаванай Расіяй, дзе яна працавала рэпарцёркай. Цягам многіх месяцаў яе лічылі зніклай без вестак. Толькі ў маі 2024 года Расія афіцыйна пацвердзіла, што журналістка знаходзіцца ў палоне. У кастрычніку 2024 года ўкраінскі ўпаўнаважаны па правах чалавека Дзмітры Лубінец паведаміў, што Расія пацвердзіла смерць журналісткі, якая нібыта адбылася 19 верасня 2024 года.

Рошчына знаходзілася ў спісе на абмен палоннымі, і — паводле дадзеных украінскай вайсковай разведкі — павінна была неўзабаве вярнуцца дадому. Паводле расследавання, праведзенага групай журналістаў-расследавальнікаў Forbidden Stories і рэдакцыямі, якія з ёй супрацоўнічаюць, у тым ліку брытанскай газеты The Guardian і ўкраінскага партала Українська правда, Рошчына падвяргалася катаванням у расійскай турме.

Медыцынскі аналіз цела, перададзенага Украіне ў лютым 2025 года, выявіў шматлікія сляды гвалту: раны на шыі, сінякі на целе і магчымыя сляды паражэння токам на нагах. Паводле крыніц расследавання, таксама бракавала некаторых органаў — вачэй, гартані і часткі мозгу — што магло быць зроблена дзеля таго, каб схаваць сляды катавання. Улады Украіны звярнуліся да міжнароднай супольнасці, у тым ліку да ААН, з заклікам адрэагаваць на вынікі журналісцкага расследавання.

«Незаконныя затрыманні і выкраданні журналістаў — гэта зброя Расіі ў барацьбе са свабодай слова», — заявіў Лубінец, падкрэсліўшы, што Расія зноў парушыла Жэнеўскую канвенцыю і міжнароднае гуманітарнае права.

Вікторыя Рошчына з самага пачатку расійскай агрэсіі супрацоўнічала з многімі ўкраінскімі СМІ, асвятляючы падзеі з тэрыторый, ахопленых вайной. Пасля яе знікнення журналісцкая супольнасць заклікала знайсці і вызваліць рэпарцёрку. Пасля яе смерці, у кастрычніку 2024 года, Генеральная пракуратура Украіны распачала расследаванне ў справе «ваеннага злачынства».

«Крымінальная справа, распачатая з прычыны яе знікнення, была перакваліфікавана як ваеннае злачынства, звязанае з наўмысным забойствам», — паведаміла пракуратура.

У чацвер украінская паліцыя абвясціла, што праваахоўныя органы і разведка сабралі паказанні і аднавілі храналогію незаконнага ўтрымання Рошчынай у расійскім следчым ізалятары. Устаноўлена, што загады катаваць украінскую журналістку асабіста аддаваў былы начальнік СІЗА ў Таганрозе, у Растоўскай вобласці на паўднёвым захадзе Расіі. Яму завочна выстаўленыя абвінавачванні ў здзяйсненні ваеннага злачынства.

PAP/нг