Беларуская Служба

«Нямногія ўкраінцы ведаюць, што беларусы ваююць за Украіну. А нават большасць звычайных людзей могуць гэтага не ведаць»

17.09.2025 16:44
Карэспандэнт Беларускай службы Польскага радыё (БСПР) Юры Ліхтаровіч здзейсніў паездку ва Украіну ад Львова да Адэсы.
Аўдыё
  • Карэспандэнт Беларускай службы Польскага радыё (БСПР) Юры Ліхтаровіч здзейсніў паездку ва Украіну ад Львова да Адэсы
Мірная АдэсаImage by олег реутов from Pixabay

Карэспандэнт Беларускай службы Польскага радыё (БСПР) Юры Ліхтаровіч здзейсніў паездку ва Украіну ад Львова да Адэсы. Вярнуўся адтуль з цікавымі назіраннямі і распавёў пра тое, што ён убачыў на свае вочы і пачуў ад украінцаў.

Пра тое, што жыхары Украіны думаюць пра будучыню сваёй дзяржавы, на каго разлічваюць, каму давяраюць, ці баяцца страціць сваю тэрыторыю? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні могуць вас здзівіць.

Юрась убачыў, што ўкраінцы ў такіх цяжкіх умовах не апускаюць рук.

«Яны дбаюць пра сваё атачэнне, каб было прыгожа і дагледжана, апрацаваны агарод ці сады. Бачна, што краіна цяпер жыве бядней і людзі жывуць бядней. Але яны вельмі рупяцца, каб жыць у нармальных, чалавечых умовах».

У Львове жыццё дынамічнае, там шмат турыстаў, шмат моладзі. У Адэсе - інакш, але гэты горад і яе жыхары сталі іншымі.

«Адэса была заўсёды рускамоўным горадам Украіны, але вайна змяніла тое, што цяпер самі адэсіты кажуць, што ўжо больш няма спрэчкі за тое, ці гэта рускі, ці ўкраінскі горад. Усе яны кажуць, што Адэса - украінскі горад».

Карэспандэнт БСПР назіраў, што ў Львове фактычна амаль не адчуваецца, што ідзе вайна. Хаця бамбаванні там таксама адбываюцца, але розніцца такая, што ў Адэсе бамбаванні кожны тыдзень і хтосьці гіне раз на тыдзень, а ў Львое - раз на месяць.

Пацвердзілася, што да Беларусі ёсць вельмі крытычнае стаўленне з боку ўкраінскіх уладаў. Напрыклад, супрацоўніца банку расказала журналісту, што падчас пераліку грошай за мяжу ў іх загадалі пытацца ці гэтыя грошы не ідуць, альбо не прышлі, з Беларусі. Але, на чалавечым узроўні нейкага прадузятага стаўлення да беларусаў няма.

Тым не менш, нямногія ўкраінцы ведаюць, што беларусы ваююць за Украіну. А нават большасць звычайных людзей могуць гэтага не ведаць, - зрабіў выснову Юрась.

«Ведаюць тыя людзі, які займаюцца гэтай справай, напрыклад, валанцёры ў Львове, яны ведаюць пра полк Каліноўскага, і таксама ведаюць, што ў Беларусі людзі за праўкраінскую пазіцыю, увогуле, за выказванні супраць вайны, людзі сядзяць у турмах».

У публічным месцы ва Украіне беларускі акцэнт бачны на мемарыялах «Нябеснай сотні», там ёсць беларускія бел-чарвона-белыя стужкі і іх ніхто не зрывае.

Жыццё ўкраінцаў вызначаецца пад сірэну. Kалі абвяшчаецца баявая трывога, што ляцяць дроны, заняткі ў школах спыняюцца, дзеці хаваюцца ў бамбасховішча, таксама дарослыя спыняюць працу.

У Адэсе аднавілі працу тэатры і кінатэатры, але кожны глядач гатовы, што калі загудзе сірэна, то сеансы ці спектаклі перарываюцца і ўсе хаваюцца ў бамбасховішча.

«Там людзі стварылі ў сацсетках розныя каналы, на якіх паведамляецца інфармацыя што ляціць, адкуль і куды. І калі яны ведаюць, што гэта нейкі іншы раён пад абстрэлам, то не хаваюцца. Мужчына, які сам гадуе дзяцей, ён казаў мне, «калі я бачу, што ляціць не сюды, то навошта мне ўначы будзіць двух хлопцаў і бегчы ў бамбасховішчы», расказаў карэспандэнт.

Усе ва Украіне чакаюць міра, аднак у Львове выразна кажуць, што не любой цаной. У Адэсе хочуць міра, але ўвогуле не хочуць ніякіх кантактаў з Расіяй, яны хацелі б адгарадзіцца ад рускіх, не мае ніякіх сумневаў Ліхтаровіч.

«Уся Украіна пад ударам, найбольш, канешнe, пакутуюць тыя, хто бліжэй да фронту, чым бліжэй да фронту, тым цяжэй. У Адэсе расказвалі, што Херсон у жудаснай сітуацыі. Там расіяне палююць на мірных людзей, увесь горад жыве проста пад супрацьдронавымі сеткамі. Яны там нават не ўключаюць сірэны, бо няма сэнсу, бо там пастаянна беспілотнікі і налёты».

Больш слухайце ў далучаным гукавым файле.

Падрыхтавала Яланта Смялоўская