Увечары 2 кастрычніка на хімічным прадпрыемстве «Азот» у горадзе Бярэзнікі (Пермскі край, РФ) прагрымелі два магутныя выбухі. Пра гэта паведамілі расійскі Telegram-канал Astra, мэр Бярэзнікаў Аляксей Казачэнка і губернатар рэгіёна Дзмітрый Махонін.
Казачэнка пацвердзіў факт інцыдэнту, але не раскрыў падрабязнасцяў. Паводле яго, а 20:45 адбылося «кароткатэрміновае прыпыненне тэхналагічнага цыклу», пацярпелых няма, пагрозы экалагічнай бяспецы не выяўлена, і завод працуе ў штатным рэжыме. Толькі раніцай губернатар прызнаў, што прычынай інцыдэнту стала атака беспілотнікаў.
Завод «Азот» з’яўляецца найбуйнейшым вытворцам азотных угнаенняў у Расіі і адзіным пастаўшчыком шэрагу хімічных прадуктаў, у тым ліку натрыевай селітры і крышталічнага нітрыту натрыю. Прадпрыемства выпускае аміяк, карбамід і аміячную селітру, якія выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы і пры вытворчасці выбуховых рэчываў.
Горад Бярэзнікі знаходзіцца больш як за 1,5 тыс. кіламетраў ад мяжы з Украінай, што можа сведчыць пра рост дальнабойнасці беспілотных атакаў УС Украіны.
эж