Беларуская Служба

Украінскія ўлады абвясцілі эвакуацыю з разбуранага Купянска

15.10.2025 08:30
Мясцовыя ўлады ў аўторак загадалі правесці эвакуацыю сем'яў з дзясяткаў вёсак паблізу амаль цалкам разбуранага горада Купянска на паўночным усходзе краіны.
Мясцовыя жыхары пакідаюць пашкоджаны горад у Данецкай вобласціEPA/PRESS SERVICE OF THE 24 MECHANIZED BRIDGE / Dostawca: PAP/EPA.

Рашэнне тлумачыцца «пагаршэннем сітуацыі з бяспекай» у рэгіёне, які падвяргаецца інтэнсіўным расійскім абстрэлам.

Алег Сінегубаў, губернатар Харкаўскай вобласці, напісаў у Telegram, што агулам 409 сем'ям з 601 дзіцем было загадана пакінуць 27 паселішчаў.

Пазней іншы чыноўнік з пацярпелага раёна паведаміў тэлеканалу «Суспільнае», што спіс гарадоў, якія падлягаюць эвакуацыі, быў пашыраны да 40.

Ужо некалькі месяцаў расійскія войскі атакуюць горад Купянск, які стаў для іх ключавой цэллю атак у вайне, якая доўжыцца больш за 3,5 гады.

Горад быў першапачаткова захоплены расійскімі войскамі ў пачатку лютага 2022 года падчас уварвання ва Украіну, але кіеўскія войскі адбілі яго пазней у тым жа годзе.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зеленскі на мінулым тыдні абвясціў, што ўкраінскія войскі абараняюць ключавыя ўчасткі лініі фронту, у тым ліку Купянск. Апошнімі днямі ён таксама згадаў пра ўкраінскі контрнаступ каля Дабраполя, што далей на поўдзень.

У сваю чаргу, Уладзімір Пуцін некалькі дзён таму заявіў, што сілы Масквы маюць стратэгічную перавагу на ўсіх участках лініі фронту.

PAP/юл