Беларуская Служба

Расія не адмовілася ад планаў выкарыстаць Беларусь супраць Польшчы і краін Балтыі – украінская вайсковая разведка

21.10.2025 11:31
Разведка пастаянна сочыць за сітуацыяй на беларускай тэрыторыі, звязанай з вайсковай актыўнасцю ўзброеных сіл Беларусі і Расіі - прадстаўнік ГУР.  
     ()    -
Намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення разведкі (ГУР) Міністэрства абароны Украіны генерал-маёр Вадзім СкібіцкіКрыніца: twitter.com/War2022ua

Расія працягвае рыхтавацца да магчымага канфлікту з Польшчай і краінамі Балтыі з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, заявіў намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення разведкі (ГУР) Міністэрства абароны Украіны генерал-маёр Вадзім Скібіцкі. Пра гэта паведамляе «Укрінформ».

Прадстаўнік спецслужбы адзначыў, што разведка пастаянна сочыць за сітуацыяй на беларускай тэрыторыі, звязанай з вайсковай актыўнасцю ўзброеных сіл Беларусі і Расіі.

«Цяпер актыўнасці ці моцных груповак мы не фіксуем. І гэта станоўча. Узровень пагрозы застаецца на нізкім узроўні», – сказаў Скібіцкі.

Пры гэтым, паводле яго слоў, Расія «не адмовілася ад планаў выкарыстаць беларускую тэрыторыю ў сваіх ваенных мэтах».

Паводле намесніка начальніка ГУР, стратэгічныя беларуска-расійскія вучэнні «Захад-2025», якія прайшлі сёлета ў верасні, прадэманстравалі, што Расія «сапраўды рыхтуецца да магчымага канфлікту».

«Гэта правядзенне рознага роду аперацый не толькі супраць Украіны, але і супраць краін Балтыі, Паўночнай Еўропы і перш за ўсё Польшчы», – адзначыў генерал-маёр.

вс