У справаздачы Міжнароднай камісіі па расследаванні па Украіне апісваецца сістэматычная расійская практыка адсочвання ўкраінцаў з дапамогай беспілотнікаў, а затым нападаў на іх з выкарыстаннем запальных бомб або выбуховых рэчываў.
«Гэтыя напады зʼяўляюцца часткай скаардынаванай палітыкі, накіраванай на прымушэнне мірных жыхароў пакінуць гэтыя тэрыторыі, і зʼяўляюцца злачынствам супраць чалавечнасці», – падсумавалі аўтары справаздачы.
Атакі, апісаныя ў справаздачы, паўтараюцца ўжо больш за год у трох рэгіёнах на поўдні Украіны, паблізу лініі фронту.
Эрык Мозэ, кіраўнік Камісіі ААН і каманды, якая расследавала гэтае пытанне, заявіў, што «няма ніякіх сумневаў у тым, што аператары беспілотнікаў наўмысна атакуюць (...) людзей».
У дакладзе ААН таксама задакументаваны расійскія аперацыі, звязаныя з прымусовым перамяшчэннем мірных жыхароў з Запарожскай вобласці, што зʼяўляецца яшчэ адным злачынствам супраць чалавечнасці.
Гэта другі, пашыраны даклад ААН аб такой практыцы расіян; першы быў апублікаваны ў маі. У ім гаварылася, што расійскія вайскоўцы здзейснілі злачынствы супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы падчас удараў беспілотнікаў па мірных жыхарах у Херсонскай вобласці.
Міжнародная камісія па расследаванні па Украіне, створаная Саветам па правах чалавека пасля пачатку паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, абвінавачвае расійскія ўзброеныя сілы ў здзяйсненні нападаў «з мэтай тэрору сярод мірнага насельніцтва, што зʼяўляецца парушэннем міжнароднага гуманітарнага права».
Расследаванне, праведзенае ў маі, паказала, што з ліпеня мінулага года расійскія ваенныя аператары беспілотнікаў «сістэматычна» атакавалі мірных жыхароў і машыны хуткай дапамогі.
PAP/вх