Польшча прадае ўсё больш зброі. Устаноўлены рэкорд, аб якім паведамляе Dziennik Gazeta Prawna. Газета адзначае, што вайна ва Украіне, якая доўжыцца ўжо амаль чатыры гады, істотна паўплывала на паказчыкі экспарту польскай зброі. «У 2020 годзе польскія кампаніі адправілі ў свет узбраенне на суму крыху менш за 400 млн еўра. Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе гэтая сума ўзрасла амаль да 1,2 млрд еўра», — піша DGP і дадае, што рэкордным стаў мінулы год.
Паводле дадзеных, прадстаўленых Міністэрствам замежных спраў, летась Польшча прадала ўзбраення на суму 3,2 млрд еўра.
Украіна — найбуйнейшы пакупнік
«Найбуйнейшым атрымальнікам польскага ўзбраення стала Украіна. У 2024 годзе яна набыла ў нас зброі амаль на 2,5 млрд еўра. У гэтую суму не ўваходзіць кошт тэхнікі, перададзенай у межах пакетаў дапамогі. На другім месцы апынуліся Злучаныя Штаты Амерыкі (190 млн еўра), якія апярэдзілі Філіпіны (185 млн еўра) і Іспанію (33 млн еўра)», — паведамляе DGP.
Выданне дадае, што ва Украіну было пастаўлена, між іншым, 78 мінамётаў M74, 18 самаходных гаўбіц «Krab» і амаль 300 розных баявых бронемашын. «У ЗША і на Філіпіны з PZL Mielec адправілі 13 верталётаў Black Hawk, а ў Эстонію, Малдову, Нарвегію і Латвію трапіла больш за 160 пераносных зенітных ракетных комплексаў «Piorun». Хітом экспарту сталі таксама прадукты групы WB — разведвальныя дроны FlyEye і блукаючыя боепрыпасы Warmate, — паведамляе газета.
нг