«31 кастрычніка пяць чалавек загінулі і яшчэ трое атрымалі раненні ў лясах на поўначы Жытомірскай вобласці ў выніку наезду транспартных сродкаў на выбухоўку. Паводле папярэдніх высноў, у абодвух выпадках мясцовыя жыхары зайшлі ў замініраваныя зоны, самавольна змяніўшы свае маршруты», – паведаміла паліцыя Жытомірскай вобласці.
У заяве тлумачыцца, што першая трагедыя адбылася, калі УАЗ ехаў уздоўж дзяржаўнай мяжы. Аўтамабіль перавозіў лесарубаў, якія накіроўваліся на запланаваную лесанарыхтоўку. «Яны змянілі маршрут і выехалі за папераджальныя знакі. Іх транспартны сродак наехаў на выбуховую прыладу, у выніку чаго адбыўся выбух», – паведаміла паліцыя.
Загінулі пяць мужчын ва ўзросце ад 19 да 65 гадоў. Двое іншых, 25 і 40 гадоў, атрымалі раненні і былі дастаўлены ў бальніцу.
У той жа дзень у лесе адбыўся другі выбух. 55-гадовы і 32-гадовы мужчыны, жыхары Корасценскага раёна (мяжуе з Гомельскай вобласцю Беларусі, — рэд.), перавозілі лес у грузавіку, калі наехалі на міну. Малодшы мужчына атрымаў траўмы і быў шпіталізаваны.
Паліцыя звярнулася да жыхароў з просьбай выконваць правілы бяспекі: «Не набліжайцеся да памежных участкаў, дзе ўсталяваныя знакі «Стой! Міны!».
Паліцыя нагадала, што «знаходжанне ў лясных комплексах у памежнай зоне Жытомірскай вобласці, у тым ліку ў межах 30 км ад мяжы, застаецца забароненым».
Жытомірская вобласць мяжуе з Беларуссю, і лясныя ўчасткі памежнай зоны там часткова замініраваны з пачатку расійскага ўварвання ва Украіну.
PAP/вх