Беларуская Служба

Суд «ДНР» завочна прысудзіў байца Палка імя Каліноўскага да 13,5 года калоніі

08.11.2025 07:02
Яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ва ўзброеным канфлікце ў якасці найміта.
Баец палка імя Кастуся Каліноўскага са сцягам падраздзялення крыніца: YouTube-канал палка імя Каліноўскага/скрыншот

Вярхоўны суд самаабвешчанай «Данецкай Народнай Рэспублікі» завочна вынес прысуд 29‑гадоваму грамадзяніну Беларусі Кірылу Галаванаву. Яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ва ўзброеным канфлікце ў якасці найміта і прысудзілі 13,5 года пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Пра гэта паведаміла Пракуратура «ДНР».

Паводле абвінавачання, Галаванаў у сакавіку 2022 года праз Польшчу трапіў ва Украіну, дзе добраахвотна далучыўся да Палка імя Кастуся Каліноўскага, які ў «ДНР» прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй. Пасля праходжання вайсковай падрыхтоўкі ён, паводле версіі абвінавачання, удзельнічаў у баявых дзеяннях супраць расійскіх войскаў.

Пракуратура таксама паведамляе, што за сваю дзейнасць беларус нібыта атрымаў узнагароду ў памеры больш за 2 млн 800 тыс. расійскіх рублёў (прыкладна 34 тыс. 560 долараў). Галаванаў абвешчаны ў міжнародны вышук.

вс