Перамовы аб спыненні вайны не могуць весціся на тэрыторыі Расіі і Беларусі. Пра гэта зноў заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, адказваючы на пытанні СМІ 7 лістапада пасля пасяджэння стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага, паведамляе «Позірк».
«Калі ёсць вынік – любы фармат [перамоў]. Акрамя [тэрыторыі] Расіі і Беларусі, бо яны хаўруснікі ў гэтай вайне супраць нас. Паколькі вайна пачалася – і Лукашэнку трэба [пра гэта] не забываць, ён цяпер стаў нешта вельмі гаваркім у медыя і паказвае, які ён добры да нашага народа. Нам ягоная дабрыня а чацвёртай раніцы з ракетамі, якая прыйшла, нам яна не патрэбная», – падкрэсліў Зяленскі.
«І калі ён думае, што сваімі словамі ён так трошачкі загаворыць нашу памяць, мы маладыя людзі, усё вельмі добра памятаем, і ён усё роўна будзе плаціць за тое, што ён зрабіў. А менавіта дапусціў наступ са сваёй тэрыторыі. Пачатак поўнамаштабнай вайны прыляцеў да нас з тэрыторыі Беларусі, ніхто гэта забываць не будзе«, – заявіў украінскі лідар.
«Таму, – вярнуўся ён да тэмы перамоваў, – мы і сказалі, што выключэнне, безумоўна – гэта тэрыторыя Расеі і Беларусі».
28 кастрычніка Зяленскі паведаміў, што Украіна гатовая весці перамовы аб міры дзе заўгодна, «толькі не ў Расіі і ўжо дакладна не ў Беларусі».
А 4 гадзіне ранку 24 лютага 2022 года Расія развязала поўнамаштабную вайну супраць Украіны, у якой Мінск падтрымаў Крэмль. Нягледзячы на тое, што беларуская тэрыторыя і інфраструктура выкарыстоўваліся для нападу, некалькі раўндаў перамоваў паміж Масквой і Кіевам на пачатку вайны прайшлі менавіта ў Беларусі.
Пазней прадстаўнікі рэжыму ў Мінску неаднаразова заяўлялі, што Беларусь павінна быць прадстаўленая на мірных перамовах паміж РФ і Украінай, хоць беларускія ўлады ўсе гэтыя гады актыўна дапамагаюць расійскім ваенна-прамысловым комплексе прадукцыяй сваіх прадпрыемстваў.
27 траўня Зяленскі назваў немагчымым правядзенне перамоваў з Расіяй у Беларусі.
вс