Беларуская Служба

Ва Украіну вярнулася хвароба з перыяду Першай сусветнай вайны - The Telegraph

11.11.2025 13:17
Па словах медыкаў, колькасць такіх выпадкаў хутка расце з-за суровых рэалій сучаснай пазіцыйнай вайны.
Вайна ва Украінекрыніца: Фэйсбук

Украінскія медыкі расказалі, што фіксуюцца выпадкі газавай гангрэны. Выданне The Telegraph расказала, што гэтае захворванне некалі было цесна звязана з акопамі Першай сусветнай вайны.

Выданне расказала, што бактэрыяльная інфекцыя, якая разбурае мышачную тканку са смяротнай хуткасцю, зноў з'явілася ва Украіне з-за суровых рэалій сучаснай пазіцыйнай вайны.

Медыкі адзначаюць, што вайна з выкарыстаннем беспілотнікаў зрабіла эвакуацыю параненых салдат амаль немагчымай. У выніку гэта прывяло да распаўсюджвання інфекцый, якія лічыліся вымерлымі. Прычым, колькасць такіх выпадкаў расце з трывожнай хуткасцю.

Газавая гангрэна - гэта цяжкае інфекцыйнае захворванне цягліц, выкліканае пераважна бактэрыямі Clostridium. Названа яна так з-за бурбалак газу, якія ўтвараюцца пад скурай. Чалавек адчувае моцны боль, з'яўляецца ацёк, адбываецца змена колеру тканкі, пацыент чуе трэск бурбалак.

Выданне адзначае, што звычайна гангрэна ўзнікае ў выніку дрэннага кровазабеспячэння, але не суправаджаецца ўзнікненнем бактэрыяльных таксінаў ці газаў. Акрамя гэтага, яна развіваецца значна павольней чым газавая гангрэна.

Інфекцыя пераважна ўзнікае пасля глыбокіх агнястрэльных ці выбуховых ран. Асабліва гэта адбываецца, калі не аказваецца своечасовая медыцынская дапамога.

«Да нас у бальніцу трапляюць людзі, якія атрымалі раненні некалькі тыдняў таму і проста чакаюць у падземных стабілізацыйных пунктах, дзе мы робім усё магчымае, каб падтрымаць іх жыццё», - падзяліўся медык.

Як паказвае выданне, лячэнне газавай гангрэны з'яўляецца вельмі складаным, а выздараўленне не заўсёды гарантавана нават у лепшых бальніцах.

«Звычайна лячэнне газавай гангрэны прадугледжвае хірургічнае ачышчэнне раны, выдаленне інфікаваных тканак і ўвядзенне вельмі моцных доз антыбіётыкаў нутравенна», – распавяла старэйшы выкладчык мікрабіялогіі ў Кінгс-Каледжы Лондана Ліндсі Эдвардс.

Яна дадала, што калі пацыенту не аказаць своечасова лячэння, то смяротнасць складае амаль 100 працэнтаў.

Газавую гангрэну гістарычна звязвалі з Першай сусветнай вайной з-за ўнікальнага спалучэння ўмоў на полі бою, цяжкіх раненняў і абмежаванай медыцынскай дапамогі. Тады салдатам даводзілася ваяваць у вільготных і брудных акопах або на палях, часта ўгноеных гноем, якія былі крыніцай бактэрый Clostridium.

У час Другой сусветнай вайны ўвядзенне антыбіётыкаў рэзка знізіла смяротнасць ад інфекцый на полі бою.

Цяпер праблемы ва Украіне з эвакуацыяй параненых з поля бою і недахоп антыбіётыкаў прыводзяць да адраджэння хваробы, якая лічыліся вымерлай.

яс