Беларуская Служба

Белы дом апублікаваў заяву пасля мірных перамоваў з Украінай

24.11.2025 10:01
Расія афіцыйна не каментуе ўкраінска-амерыканскіх перамоваў па мірным плане.
Чыноўнікі ЗША і Украіны падчас сустрэчы ў Жэневе PAP/EPA/MARTIAL TREZZINI

Канструктыўныя, канкрэтныя і паважлівыя – так Белы дом апісвае перамовы ў Жэневе, падчас якіх амерыканская і ўкраінская дэлегацыі абмеркавалі мірны план адміністрацыі Дональда Трампа для Кіева.

Паводле Белага дома, перамовы прадэманстравалі прыхільнасць украінскага боку да дасягнення справядлівага і трывалага міру.

«Абодва бакі пагадзіліся з тым, што кансультацыі былі вельмі прадуктыўнымі. Дыскусіі прадэманстравалі значны прагрэс у кірунку ўзгаднення пазіцый і вызначэння выразных наступных крокаў. Было пацверджана, што любое будучае пагадненне павінна цалкам паважаць суверэнітэт Украіны і забяспечваць трывалы і справядлівы мір. У выніку абмеркаванняў бакі распрацавалі абноўлены і ўдасканалены мірны план», – гаворыцца ў заяве Белага дома.

Адміністрацыя прэзідэнта адзначыла, што ўкраінскі бок выказаў падзяку за прыхільнасць і намаганні Злучаных Штатаў па спыненні вайны. Абодва бакі пацвердзілі сваю гатоўнасць працягваць працаваць над мірам і дамовіліся працягнуць працу над сумеснымі прапановамі ў бліжэйшыя дні.

Украіна і Злучаныя Штаты таксама будуць падтрымліваць цесны кантакт са сваімі еўрапейскімі партнёрамі.
Перад перамовамі з дэлегацыяй ЗША прадстаўнікі Украіны сустрэліся з дэлегатамі еўрапейскіх партнёраў, якія прадставілі свой мірны план. Паводле звестак Reuters і Bloomberg, гэтая прапанова прадугледжвае фінансавую адказнасць Расіі за вайну, абмежаванне ўкраінскай арміі да 800 000 вайскоўцаў, але толькі ў мірны час. Падобная ўмова тычыцца адсутнасці войскаў НАТА ва Украіне.

Альянс таксама гарантуе Украіне дапамогу ў выпадку паўторнага нападу Расіі. З гэтай прапановай Андрэй Ермак і яго каманда селі за стол перамоваў з амерыканцамі.

Між тым, Расія афіцыйна не каментуе ўкраінска-амерыканскіх перамоваў па мірным плане. Масква толькі пацвердзіла, што Вашынгтон прадставіў праект дакумента.

IAR/аз

Прэзідэнт Польшчы крытыкуе мірны план, распрацаваны Вышынгтонам і Масквой 

23.11.2025 12:12
Караль Наўроцкі перакананы, што стабільнасць Еўропы не можа будавацца за спінай тых, каго гэта найбольш датычыць.

Дональд Туск: У Луандзе агучу пазіцыю Польшчы па мірным плане для Украіны 

23.11.2025 17:08
22 лістапада ў Анголе пачнецца саміт ЕС — Афрыканскі Саюз, а перад ім пройдзе сустрэча лідараў ЕС, прысвечаная мірнаму плану.