Беларуская Служба

У студзені Кангрэс ЗША плануе прагаласаваць за новыя санкцыі супраць Расіі

19.12.2025 15:33
Асобна законапраект прадугледжвае 500-працэнтныя мытныя пошліны на тавары расійскага паходжання, што павінна фактычна заблакаваць іх доступ на амерыканскі рынак.
    -
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін - ініцыятар расійскага нападу на УкраінуPA/SERGEI ILNITSKY Dostawca: PAP/EPA.

Рэспубліканцы і дэмакраты ў Кангрэсе ЗША заявілі пра намер у студзені вынесці на галасаванне кампрамісны законапраект аб новых санкцыях супраць Расіі. Як паведамляюць крыніцы Польскага агенцтва друка (PAP) у Вашынгтоне, ініцыятыву падрыхтавала міжпартыйная група кангрэсменаў, звязаная з праўкраінскім аб’яднаннем Ukraine Caucus і камітэтам па замежных справах.

Законапраект Peace Through Strength Against Russia Act прадугледжвае істотнае ўзмацненне эканамічнага і фінансавага ціску на Маскву, увядзенне санкцый супраць ключавых расійскіх банкаў, энергетычных кампаній і танкераў так званага ценявога флота, якія выкарыстоўваюцца для абыходу нафтавых абмежаванняў.

Дакумент таксама прадугледжвае забарону грамадзянам ЗША інвеставаць у Расіі і весці фінансавыя аперацыі з расійскімі структурамі, а таксама закрывае шчыліны ў санкцыйным рэжыме, што дазвалялі імпарт расійскай нафты праз перапрацоўку ў трэціх краінах, у тым ліку ў Індыі.

Асобна законапраект прадугледжвае 500-працэнтныя мытныя пошліны на тавары расійскага паходжання, што павінна фактычна заблакаваць іх доступ на амерыканскі рынак. Пры гэтым з дакумента была выключаная норма пра 500-працэнтныя тарыфы на тавары з краін — імпарцёраў расійскіх энэргарэсурсаў, якая змяшчалася ў ранейшай, больш жорсткай версіі.

Аўтары законапраекта падкрэсліваюць, што новыя меры маюць істотна абмежаваць магчымасці Расіі фінансаваць вайну супраць Украіны.

pap/эж