Чэхія працягне падтрымліваць Украіну, хаця канкрэтная форма дапамогі пакуль не вызначаная, - паведаміў новы міністр абароны Чэхіі падчас прэзентацыі прыярытэтаў свайго ведамства. Раней, на саміце ў Бруселі, Чэхія разам з Венгрыяй і Славакіяй не далучылася да гарантый, звязаных з пазыкай Еўрапейскага Саюза для Кіева.
Пазіцыю прэм’ер-міністра Чэхіі Андрэя Бабіша раскрытыкавалі прадстаўнікі апазіцыі. Былы кіраўнік урада Петр Фіяла заявіў, што, далучыўшыся да Венгрыі і Славакіі, Чэхія рызыкуе страціць годнасць, павагу, а ў выніку — і фінансавыя сродкі. Іншай думкі прытрымліваецца новы міністр абароны Ярамір Зуна, які назваў вынікі саміту ЕС выгаднымі для Прагі і адначасова падкрэсліў, што падтрымка Кіева будзе працягвацца:
«Мы знаходзімся на баку Украіны як дзяржавы, якая абараняецца, а агрэсарам з’яўляецца Расія. Пытанне заключаецца толькі ў тым, якім чынам і як найбольш аптымальна — у тым ліку з пункту гледжання нашых нацыянальных інтарэсаў — мы можам і надалей падтрымліваць Украіну».
Чэшскі міністр абароны таксама дадаў, што ніхто не ставіць пад сумнеў чэшскую ініцыятыву па пастаўках боепрыпасаў, у межах якой украінскае войска атрымала больш за чатыры мільёны снарадаў буйнага калібру.
iar/эж