Беларуская Служба

Уладзімір Зяленскі: Ключавыя мірныя дакументы гатовыя

23.12.2025 06:15
Спецпасланнік ЗША Стыў Уіткоф рэалізоўваў уласныя дыпламатычныя ініцыятывы і арганізоўваў сустрэчы без ведама Марка Рубіа. Гэта выклікала канфлікт у адміністрацыі Трампа.
Prezydent Ukrainy Wołodymyr Zełenski
Prezydent Ukrainy Wołodymyr ZełenskiANGELOS TZORTZINIS/AFP/East News

Мірны план з 20 пунктаў і рамачны дакумент аб гарантыях бяспекі гатовыя, абвясціў прэзідэнт Украіны. Дэлегацыя з Кіева вяртаецца ў краіну пасля перамоваў з амерыканскімі чыноўнікамі ў Маямі.

У аўторак, 23 снежня, Уладзімір Зяленскі павінен прадставіць журналістам падрабязнасці ўзгодненых палажэнняў на закрытай сустрэчы.

«Магчыма, не ўсё ідэальна, але гэты план ужо існуе. Паміж намі, Еўрапейскім Саюзам і Злучанымі Штатамі ёсць гарантыі бяспекі – рамачны дакумент. Ёсць таксама асобны двухбаковы дакумент паміж Украінай і Злучанымі Штатамі аб гарантыях бяспекі. Гэты праект – з усімі падрабязнасцямі і сакрэтнымі дадаткамі – павінен будзе разгледзець Кангрэс Злучаных Штатаў», – сказаў прэзідэнт Украіны.

Ключавым элементам палажэнняў з'яўляецца захаванне колькасці Узброеных сіл Украіны на ўзроўні 800 000 салдат. Кіеў будзе забяспечваць сваю армію базавым фінансаваннем, але падкрэслівае, што яму спатрэбіцца падтрымка замежных партнёраў для падтрымання кантрактаў і абарончага патэнцыялу.

Другім слупом гарантый бяспекі зʼяўляецца сяброўства ў Еўрапейскім Саюзе. Украіна разглядае яго не толькі як эканамічную бяспеку і доступ да рынкаў, але і як умацаванне свайго абарончага патэнцыялу. Гэта ўключае ўдзел у праграмах бяспекі і абароны ЕС, такіх як SAFE.

Трэцім кампанентам зʼяўляецца так званая кааліцыя ахвотных, мэта якой – гарантыі бяспекі Украіны ў паветры, на сушы і на моры. Яна будзе ўключаць прыблізна 30 краін. Некаторыя з іх будуць адказваць за непасрэдную ваенную прысутнасць ва Украіне, а іншыя, у тым ліку нейтральныя дзяржавы, будуць аказваць падтрымку ў сферах энергетыкі, фінансаў, гуманітарнай дапамогі і абароны грамадзянскага насельніцтва. Таксама абмяркоўваецца роля амерыканскага «бэкстопа», гарантыі падтрымкі ЗША, якая ахоплівае супрацьпаветраную абарону, авіяцыю і супрацоўніцтва ў галіне разведкі.

Асобны блок перамоваў тычыўся гарантый бяспекі з боку Вашынгтона. Яны павінны быць юрыдычна абавязковымі, падлягаць галасаванню і быць ухвалены Кангрэсам, што, як падкрэслівае ўкраінскі бок, будзе адрозніваць іх ад Будапешцкага мемарандума або так званых Мінскіх пагадненняў. Узгадняюцца дэталі, у тым ліку тэрмін дзеяння гэтых гарантый і магчымасць іх падаўжэння. Паралельна вядуцца перамовы аб пакеце стрымлівання, які ўключае абсталяванне і баявыя магчымасці 800-тысячнай арміі Украіны.

Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Д. Вэнс заявіў, што, хоць перамовы па Украіне складаныя, упершыню абмяркоўваюцца ўсе спрэчныя пытанні.

Найбольшай перашкодай на перамовах ён назваў спрэчку вакол Данецкай вобласці, якую Масква хоча захапіць і якую Украіна лічыць вырашальнай для сваёй бяспекі. Сярод іншых пытанняў ён назваў статус Запарожскай АЭС, лёс мірных жыхароў па абодва бакі мяжы і аднаўленне Украіны.

Зʼявіліся рознагалоссі ў падыходах да мірных перамоваў па Украіне паміж дзяржаўным сакратаром ЗША і спецыяльным пасланнікам Стывам Уіткофам. Паводле звестак NBC News, Уіткоф рэалізоўваў уласныя дыпламатычныя ініцыятывы і арганізоўваў сустрэчы без ведама Марка Рубіа, што выклікала напружанасць у адміністрацыі. Рознагалоссі таксама тычацца пытанняў бяспекі і спосабу кантактаў з Расіяй.

IAR/вх