Падчас перадвыбарчай кампаніі Трамп абяцаў, што спыніць вайну Расіі супраць Украіны на працягу 24 гадзін. З часам заяўленыя ім тэрміны павялічваліся, пакуль ён нарэшце не прызнаў, што не чакаў, што будзе так складана. Трамп паўтарыў сваё жаданне «спыніць забойствы», і выказаў незадаволенасць як расійскім лідарам Уладзімірам Пуціным, так і прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Трамп патлумачыў адсутнасць поспеху, сярод іншага, тым, што лідары Расіі і Украіны ненавідзяць адзін аднаго.
Нядаўна мірныя перамовы актывізаваліся. Трамп прызначыў свайго сябра, бізнесмена Стыва Віткова, і зяця Джарэда Кушнера весці перамовы з украінцамі і расіянамі. Пасля аднаго з нядаўніх раўндаў перамоваў Трамп ацаніў, што ніколі не было так блізка да пагаднення, але адзначыў, што «для танга патрэбныя двое». Тым часам віцэ-прэзідэнт ЗША Дж. Д. Вэнс заявіў у інтэрв'ю, што перамовы могуць заняць як мінімум яшчэ год.
Незадоўга да святаў, пасля сустрэч у Маямі ў фарматах ЗША-Украіна і ЗША-Расія, Трамп заявіў, што перамовы «прасоўваюцца добра». Аднак у нядаўняй справаздачы амерыканскі аналітычны цэнтр Інстытут вывучэння вайны (ISW) ацаніў, што Расія не прыме ніякіх мірных пагадненняў, якія не гарантуюць ёй поўнага кантролю над Украінай у сярэдне або доўгатэрміновай перспектыве. Эксперты лічаць, што мір застаецца аддаленай перспектывай.
Уплывовы сенатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм нядаўна заявіў, што Пуцін будзе працягваць захопліваць Данбас, пакуль не ўзмоцніцца ціск на Расію. Грэм выказаў надзею, што прэзідэнт ЗША можа прызнаць Расію дзяржавай-спонсарам тэрарызму і пачаць канфіскоўваць караблі, якія перавозяць санкцыянаваную расійскую нафту, як гэта адбываецца ў выпадку з Венесуэлай.
ПР/юл