А 19 гадзіне па польскім часе (21.00 мінскага часу) прэзідэнты Дональд Трамп і Уладзімір Зеленскі павінны сустрэцца ў Фларыдзе. Сустрэча была перанесеная на дзве гадзіны раней. Палітыкі абмяркуюць мірны план для Украіны. Пакуль незразумела, ці будуць падпісаныя пагадненні, бо некалькі пунктаў застаюцца нявырашанымі.
Паводле паведамленняў СМІ, чакаецца, што Уладзімір Зяленскі паспрабуе дамовіцца, сярод іншага, аб гарантыях бяспекі з боку ЗША. Амерыканіст доктар Ян Місюна (Jan Misiuna) з Варшаўскай школы гандлю (SGH) не чакае поспеху па гэтым пытанні.
— Могуць нешта аб’явіць, але я сумняваюся, што ўкраінцы згодзяцца з тым, што ім прапануюць. Дагэтуль было шмат розных прапаноў, і ніводная доўга не пражыла. Так што адны толькі гарантыі бяспекі без падрабязнай дамовы – гэта будзе недастаткова.
Эксперт мяркуе, што да Новага года не будзе прарываў у мірным плане.
— Прапанова, якая задавальняе Украіну, не задавальняе Расіі. І наадварот. І я не бачу магчымасці, каб Дональд Трамп пераканаў Зяленскага прыняць умовы, якія б задавальнялі Расію. Гэта азначала б капітуляцыю Украіны. А Расія казала, што толькі такі варыянт яе цікавіць.
Учора (27 снежня), па дарозе ў ЗША, Уладзімір Зяленскі прызямліўся ў Канадзе, дзе правёў анлайн-кансультацыі з еўрапейскімі лідарамі. Пасля тэлефоннай канферэнцыі ён падкрэсліў журналістам, што 90% 20-пунктавага плану ўжо ўзгоднена з амерыканцамі. Сярод крытычных і дагэтуль нявырашаных пытанняў ён назваў тэрытарыяльныя пытанні, Запарожскую АЭС, эканамічныя пытанні і гарантыі бяспекі.
Кіеў хоча абавязацельстваў ЗША, падобных да артыкула 5 НАТА, у выпадку чарговай расійскай агрэсіі, а таксама захавання 800-тысячнай арміі і замарожвання лініі фронту. Расія павінна пагадзіцца на магчымыя пагадненні. Тым часам украінскія ўлады лічаць, што Крэмль усё яшчэ імкнецца зацягнуць ваенныя дзеянні.
IAR/нг