Беларуская Служба

Чэхія працягне каардынаваць ініцыятыву па пастаўках боепрыпасаў для Украіны

07.01.2026 09:16
У межах чэшскай ініцыятывы ўкраінскае войска ўжо атрымала больш за чатыры мільёны боепрыпасаў буйнога калібру.
 155 .
Снарад 155 мм.Фота: https://www.pravda.com.ua

Прэм’ер-міністр Чэхіі Андрэй Бабіш заявіў, што чэшская ініцыятыва па забеспячэнні Украіны боепрыпасамі будзе захаваная. Хаця Прага больш не плануе фінансаваць закуп боепрыпасаў для Кіева з дзяржаўнага бюджэту, яна застанецца каардынатарам міжнародных закупак.

Пра гэта кіраўнік чэшскага ўраду паведаміў пасля сустрэчы так званай Кааліцыі рашучых у Парыжы. Бабіш таксама падкрэсліў, што Чэхія не мае намеру накіроўваць сваіх вайскоўцаў ва Украіну і не будзе ўдзельнічаць у частцы прапанаваных гарантый бяспекі для Кіева.

«Мы не будзем выдаткоўваць сродкі з дзяржаўнага бюджэту. Аднак можам працягваць ініцыятыву пры ўмове, што яе фінансаванне возьмуць на сябе іншыя краіны. Мы прапануем нашы веды і досвед. Увесь працэс павінен быць празрыстым і без карупцыі», — заявіў прэм'ер Чэхіі.

У межах чэшскай ініцыятывы ўкраінскае войска ўжо атрымала больш за чатыры мільёны боепрыпасаў буйнога калібру. Прага выконвае ролю пасярэдніка, злучаючы краіны-донары з пастаўшчыкамі ўзбраення.

Пытанне далейшага функцыянавання ініцыятывы 7 студзеня разглядае Рада бяспекі Чэхіі. У пасяджэнні таксама прымае ўдзел прэзідэнт краіны Петр Павел.

iar/эж