Масква пацвердзіла выкарыстанне ракеты «Арэшнік» супраць Украіны. Міністэрства абароны Расіі заявіла, што гэта быў адказ на атаку Украіны на рэзідэнцыю Уладзіміра Пуціна.
У Крамля няма доказаў таго, што ўкраінскія войскі спрабавалі забіць расійскага дыктатара. Незалежныя каментатары лічаць, што Расія спрабуе дыскрэдытаваць Украіну ў вачах сваіх заходніх саюзнікаў такімі абвінавачваннямі і тым самым сарваць мірны працэс.
У выніку масіраванай атакі на Украіну Расія выкарыстала 242 беспілотнікі, 13 балістычных ракет, 22 кіраваныя ракеты і гіпергукавую ракету «Арэшнік». Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі коратка апісаў начныя атакі. «Арэшнік» упаў на Львоў, праляцеўшы прыблізна 1500 кіламетраў ад Капусціна Яра ў Расіі.
У Кіеве загінулі чатыры чалавекі, у тым ліку член брыгады хуткай дапамогі. Дваццаць жылых будынкаў былі пашкоджаны, дзясяткі атрымалі раненні. Адзін з нападаў адбыўся, калі ратавальнікі аказвалі першую дапамогу пасля папярэдняга.
Адзін з беспілотнікаў упаў на пасольства Катара ў Кіеве. Уладзімір Зяленскі падкрэсліў, што Катар – гэта краіна, якая шмат робіць у тым ліку для вызвалення ваеннапалонных і мірных жыхароў з расійскіх турмаў. Паводле слоў прэзідэнта Зяленскага, неабходны глабальны адказ – у першую чаргу з боку ЗША, «на сігналы якіх Расія звяртае ўвагу».
«Расія павінна атрымаць сігнал аб тым, што яна павінна засяродзіцца на дыпламатыі, і павінна адчуць наступствы, калі замест гэтага будзе забіваць і разбураць інфраструктуру», – сказаў Уладзімір Зяленскі.
Украінскі лідар абвясціў, што паведаміць іншым краінам пра наступствы атакі, а таксама заклікаў падтрымаць сваю краіну, у тым ліку шляхам умацавання яе супрацьпаветранай абароны.
ав