У ноч з чацвярга на пятніцу Украіна падверглася масіраванай расійскай атацы. Пацярпела, у прыватнасці, Львоўская вобласць, якая знаходзіцца зусім блізка ад польскай мяжы. З’явіліся трывожныя звесткі, што Расіі ўдалося на гэты раз скарыстацца сваёй супер-зброяй.
З’явіліся паведамленні, што другі раз за амаль чатыры гады вайны, Расія запусціла па цэлях ва Украіне сучасную балістычную ракету «Арэшнік». Гэтай зброяй часта хваліцца Пуцін, стараючыся запалохаць Украіну ды іншыя еўрапейскія краіны і прымусіць іх пайсці на ўступкі. Аб тым, што гэта за зброя, распавядае ваенны аналітык выдання Defence24 Бартламей Выпартовіч (Bartłomiej Wypartowicz).
— Гэта балістычная ракета сярэдняга радыусу дзеяння, якая ў цяперашні час усё яшчэ знаходзіцца на стадыі выпрабаванняў. Першае выкарыстанне адбылося ў мінулым годзе ў вайне супраць Украіны. Былі звесткі, што падчас наступнага пуску гэтай ракеты, яна быццам бы распалася ў паветры. Падобна на тое, што цяпер выкарыстанне прайшло паспяхова. Гэта ракета, якая ляціць з вельмі вялікай хуткасцю. Як кожная балістычная ракета, яна з'яўляецца гіпергукавым снарадам. І менавіта тут узнікаюць цяжкасці, калі казаць пра ўкраінскі бок. У яго няма магчымасці збіваць такі тып ракет, таму што Украіна ў цяперашні час не мае сістэм супрацьракетнай абароны, прызначаных для знішчэння такіх цэляў. Такім чынам, гэта даволі складаная задача для ўкраінскіх узброеных сіл і Украіны агулам.
— Вы сказалі, што гэта ракета, якая ўсё яшчэ знаходзіцца на этапе выпрабаванняў. А ці вядома, колькі расіяне могуць мець такіх ракет у сваім арсенале? Ці магчыма, каб з гэтым пускам іх запасы закончыліся?
— Складана сказаць. Некаторы час таму было паведамленне, што вытворчасць адной такой ракеты займае каля шасці месяцаў. Аднак у нас няма звестак пра тое, як доўга яны вырабляюцца, колькі гэтых ракет было выраблена, таму што «Арэшнік» з'яўляецца сакрэтнай зброяй, у тым ліку ў самой Расіі. Няма адкрытых звестак, з якіх мы маглі б атрымаць якую-небудзь канкрэтную інфармацыю. Пытанне сапраўды ў тым, колькі такіх «Арэшнікаў» існуе і як яны будуць выкарыстоўвацца. Нядаўна стала вядома, між іншым, што адна з пускавых установак такіх ракет была разгорнутая ў Беларусь. Узнікае пытанне: ці ёсць у Беларусі толькі сістэма пуску ракет, ці таксама ракеты для яе. У мяне ёсць сумненні на гэты конт.
— Як вы згадалі, мы ведаем адносна мала пра гэтыя ракеты, але вядома дакладна, што адбылося ва Украіне, якая падверглася атацы. Ці магчыма, каб выкарыстанне расіянамі «Арэшнікаў» змяніла ход вайны? Ці ракета можа стаць такім своеасаблівым game changer, які зменіць правілы гэтай, так сказаць, гульні?
— Адна ракета не мяняе правіл гульні. Расійскія ўзброеныя сілы выкарысталі толькі адну ракету «Арэшнік», якая можа несці шэсць боегаловак з індывідуальным прыцэлам. Яны былі накіраваная на крытычна важную інфраструктуру. Калі расіяне запускаюць магутныя і дарагія ракеты, яны кіруюць іх туды, дзе размешчана крытычна важная інфраструктура. Першапачаткова гаварылася, што гэта было газасховішча, але ўкраінскі бок абверг гэтую інфармацыю. «Арэшнік» рухаецца з хуткасцю прыблізна 13 000 кіламетраў у гадзіну. Гэта каля 3600 метраў у секунду. Такім чынам, гэта сапраўды вельмі хуткая ракета. Яна не дзейнічае ў вакууме, бо падчас гэтай атакі Расія выкарыстала не толькі «Арэшнік», але і іншыя ракеты. Гаворка ідзе, напрыклад, пра пранікальныя ракеты, запушчаныя з Чорнага мора, або балістычныя ракеты «Іскандэр-М». Такім чынам, аднаразовае выкарыстанне такой зброі не зменіць гульні. Але, калі б атакі сталі серыйнымі, тады ўзнікла б праблема, таму што, як я ўжо казаў, ва Украіне няма магчымасці збіваць гэтыя ракеты.
— А ці ёсць мае НАТА ў сваім арсенале такую зброю, якая магла б эфектыўна збіваць «Арэшнік»? Ці краінам альянсу ёсць чым адказаць на гэтую расійскую «супер-зброю»?
— Безумоўна. Напрыклад, у нас ёсць сістэмы супрацьракетнай абароны больш высокага класа, такія як амерыканскі стандарт SM-3, адзін з варыянтаў якога разгорнуты на базе ў польскім Рэдзікове. Ёсць ізраільская сістэма Arrow-3, якую нядаўна таксама выкарыстала Германія. Ёсць таксама амерыканская сістэма THAAD. Так што ёсць магчымасці збіваць такія ракеты. Але цяжка праверыць эфектыўнасць СПА супраць расійскіх ракет, паколькі яны могуць утрымліваць элементы, якія прабіваюць супрацьракетную абарону. Нават невялікая колькасць такіх ракет можа нанесці значную шкоду. Існуюць сістэмы, якія тэарэтычна могуць іх збіць, але на дадзены момант цяжка казаць дакладна, наколькі яны эфектыўныя, паколькі гэты тып ракеты нідзе раней не выкарыстоўваўся ў зоне дзеяння заходніх сістэм супрацьракетнай абароны.
— На вашую думку, у ракеты «Арэшнік» большая магутнасць на полі бою, ці большае значэнне мае яе выкарыстанне ў прапагандысцкіх мэтах, каб выклікаць паніку ў саперніка?
— Яна мае даволі вялікае ваеннае значэнне, але галоўная мэта — канешне, прапаганда. Калі Расія выкарыстоўвае «Арэшнік», гэта палохае не толькі Украіну, але і Захад, у тым ліку Польшчу. Улічыце, наколькі блізка гэта было ад межаў НАТА. Гэта своеасаблівы сігнал, што Расія гатовая да эскалацыі. Надоечы была інфармацыя пра «Кааліцыю жадаючых», што яна дасягнула канкрэтных рашэнняў у Парыжы аб магчымым размяшчэнні ўзброеных сіл ва Украіне. Нельга забываць і пра захоп Злучанымі Штатамі расійскага танкера. Так што, калі мы гаворым пра гэтую атаку, яна не адбываецца ў вакууме, яна выкарыстоўваецца ў прапагандысцкіх мэтах. Таксама рэакцыя Расіі гэта дэманструе: расіяне адразу заявілі ўсяму свету: «Так, мы выкарысталі «Арэшнік»». Так што гэта важна з пункту гледжання псіхалагічнага прэсінгу, але нельга таксама недаацэньваць яго ваеннага значэння.
Польская служба Каналу замежнага вяшчання ПР
Пераклад Наталля Грышкевіч