Былую прэм’ер-міністарку Украіны і лідарку партыі «Бацькаўшчына» Юлію Цімашэнку падазраюць у палітычнай карупцыі. Украінскія антыкарупцыйныя органы правялі ператрусы ў офісе яе партыі ў Кіеве. Паводле следства, Цімашэнка нібыта прапаноўвала дэпутатам Вярхоўнай Рады матэрыяльныя выгоды ў абмен на падтрымку падчас галасаванняў.
Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Украіны апублікавала матэрыялы з ператрусаў і аўдыёзапісы, на якіх, як сцвярджаецца, зафіксаваныя перамовы пра куплю галасоў. Следчыя заяўляюць, што гаворка ішла пра сістэмную і доўгатэрміновую схему з авансавымі выплатамі.
Сама Цімашэнка назвала дзеянні праваахоўнікаў палітычна матываванымі. Паводле СМІ і дэпутата Аляксея Ганчарэнкі, матэрыялы ў НАБУ перадаў адзін з парламентароў. Былой прэм'ерцы пагражае ад чатырох да васьмі гадоў зняволення.
pap/iar/эж