Французскія ваенна-марскія сілы перахапілі ў Міжземным моры танкер, які плыў з Расіі. Судна знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі. Пра гэта паведаміў прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон, адзначыўшы, што аперацыя была часткай барацьбы з так званым «ценявым флотам», які выкарыстоўваецца для фінансавання расійскай агрэсіі супраць Украіны. Аперацыя праводзілася ў адкрытым моры пры падтрымцы саюзнікаў і ў адпаведнасці з Канвенцыяй ААН па марскім праве – паведамляе Forsal.
Пасля праверкі танкеру Grinch загадалі развярнуцца і плыць пад французскім эскортам у вызначанае месца. Агенцтва AFP паведамляе, што судна затрымалі паміж Іспаніяй і Марока. Французскія ўлады пацвердзілі, што падазрэнні наконт незаконнай рэгістрацыі аказаліся абгрунтаванымі.
Украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падзякаваў Францыі за рашучыя дзеянні, заявіўшы, што менавіта так трэба стрымліваць фінансаванне вайны за кошт расійскай нафты. Расійскі бок, у сваю чаргу, сцвярджае, што не быў афіцыйна праінфармаваны пра перахоп судна і высвятляе склад экіпажа.
У аперацыі ўдзельнічалі і саюзнікі Францыі, у тым ліку Вялікабрытанія, якая аказала падтрымку разведданымі. Танкер Grinch знаходзіцца пад санкцыямі Вялікабрытаніі, а пад назвай Carl тое ж судна — у санкцыйных спісах ЕС і ЗША. Усяго Еўрасаюз увёў абмежаванні супраць амаль 600 суднаў, звязаных з расійскім ценявым флотам.
нг