Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што дакументы адносна амерыканскіх гарантый бяспекі ўжо цалкам гатовыя і чакаюць ратыфікацыі ў Вашынгтоне і Кіеве. Пра гэта палітык паведаміў падчас прэс-канферэнцыі ў Вільні пасля ўрачыстасцяў з нагоды гадавіны Студзеньскага паўстання. Паводле яго , канкрэтныя гарантыі бяспекі ствараюць рэальную магчымасць для спынення вайны і ўмацавання стабільнасці ва ўсім рэгіёне.
Уладзімір Зяленскі падкрэсліў, што найважнейшымі з’яўляюцца двухбаковыя гарантыі з боку Злучаных Штатаў. Дакумент падрыхтаваны на сто працэнтаў, і пасля падпісання ён будзе накіраваны на ратыфікацыю ў Кангрэс ЗША і Вярхоўную Раду Украіны. Адначасова працягваецца праца над еўрапейскімі гарантыямі бяспекі.
Ключавым элементам гэтых дамоўленасцяў, на думку прэзідэнта, павінна стаць сяброўства Украіны ў Еўрапейскім Саюзе. Ён адзначыў, што краіна імкнецца адкрыць усе перамоўныя кластары ў першай палове 2026 года і разлічвае быць цалкам гатовай да ўступлення ў ЕС у 2027 годзе.
iar/эж