У расійскай школе, якая працуе пад кіраўніцтвам Міністэрства замежных спраў Расіі ў Нотынг-Хіле ў Лондане дзеці вучацца кіраваць баявымі беспілотнікамі і капаць акопы. Пра справу паведаміла газета The Times. Ні ўлады Лондана, ні расійскае пасольства пакуль не пракаментавалі справы.
Дзеці вывучаюць фартыфікацыі, першую дапамогу на полі бою і абарону ад хімічных і біялагічных пагроз. 15-гадовыя падлеткі таксама вучацца страляць, капаць акопы і адрозніваць тэрміновую службу ад прафесійнай. Урокі праводзяцца па праграме: «Асновы бяспекі і абароны радзімы», якая была ўведзена ў расійскіх школах у мінулым годзе.
Вучні школы – гэта ў асноўным дзеці расійскіх дыпламатаў і супрацоўнікаў пасольстваў, але сярод іх ёсць і дзеці расіян, якія жывуць у Вялікабрытаніі, а таксама і падлеткі з брытанскім грамадзянствам.
Сярод былых вучняў расійскай школы – дочкі былога ваеннага аташэ пры пасольстве, якога выслалі з Вялікабрытаніі ў 2024 годзе як супрацоўніка ваеннай разведкі.
У мінулым школа таксама праводзіла збор сродкаў для падтрымкі расійскіх салдат, якія ваююць ва Украіне.
IAR/аз