Яшчэ больш за сотню чалавек і кампаній з Расіі могуць трапіць пад санкцыі Еўрасаюза. 9 лютага гэтыя прапановы павінны разгледзець паслы краін ЕС. Каб санкцыі былі зацверджаныя, патрэбная аднагалоснасць. Плануецца, што гэта адбудзецца да чацвёртай гадавіны нападу Расіі на Украіну.
Пра пакет у пятніцу паведаміла старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, згадваючы толькі эканамічныя меры. Аднак да дакумента далучаны спіс устаноў і асобаў, якім забароняць уезд у ЕС, замарозяць актывы, а таксама ўвядуць забарону на гандаль і супрацоўніцтва. Як неафіцыйна даведалася брусельская карэспандэнтка Польскага радыё Беата Пламэцка, да праекта 20-га пакета эканамічных санкцый Еўракамісія дадала «чорны спіс».
— Мэта: скараціць даходы Расіі, аслабіць яе ваенныя магчымасці і прыцягнуць да адказнасці вінаватых у злачынствах. У «чорны спіс», у прыватнасці, плануюць уключыць расійскія нафтаперапрацоўчыя заводы, па якіх наносіла ўдары Украіна, каб не дапусціць удзелу еўрапейскіх кампаній у іх рамонце.
Санкцыі таксама могуць закрануць 10 суднаў з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў — для ўзмацнення ціску на расійскі «ценявы флот». Акрамя таго, пад абмежаванні могуць трапіць яшчэ больш за 30 кампаній і асоб, звязаных з расійскім абаронным сектарам, а таксама 13 кампаній з Кітая, Беларусі, Узбекістана, Казахстана і ААЭ, якія дапамагаюць Расіі абыходзіць санкцыі.
У спіс таксама плануюць унесці прапагандыстаў, асоб, адказных за разню ў Бучы, за выкраданне ўкраінскіх дзяцей і іх прымусовую русіфікацыю, а таксама за крадзеж украінскіх твораў мастацтва і знішчэнне культурнай спадчыны.
IAR/нг