Беларуская Служба

У выніку расійскіх абстрэлаў тысячы жылых будынкаў у Кіеве засталіся без ацяплення, а ў Адэсе – без вады

12.02.2026 12:02
Мінулай ноччу расіяне абстралялі Украіну 25 ракетамі і 219 беспілотнікамі, пашкодзіўшы энергетычную інфраструктуру.
       ,
Начны напад Расіі на жылы раён у Адэсе, УкраінаEPA/IGOR MASLOV Dostawca: PAP/EPA.

«Пасля масіраванага начнога нападу, у выніку пашкоджання крытычна важнай інфраструктуры, якая была абстраляна ворагам, амаль 2600 жылых будынкаў у сталіцы засталіся без ацяплення. Гэта шматпавярховыя будынкі, як на левым, так і на правым беразе Дняпра», – паведаміў у Telegram мэр Кіева Віталь Клічко.

Кіраўнік сталічнай адміністрацыі запэўніў, што камунальныя службы працуюць над аднаўленнем цеплазабеспячэння гэтых будынкаў.

Аляксей Кулеба, віцэ-прэм'ер-міністр Украіны па пытаннях аднаўлення, паведаміў, што ў Адэсе, на поўдні краіны, прыкладна 300 000 чалавек засталіся без вады з-за адключэння электраэнергіі, а амаль 200 будынкаў засталіся без ацяплення. Ён дадаў, што ў Дняпры ў выніку масіраванага нападу было перапынена падача цяпла 10 тысячам спажыўцоў.

У Адэскай вобласці расійскія войскі пашкодзілі яшчэ адну электрападстанцыю ДТЭК. «Шкода значная. Рамонт для аднаўлення працаздольнасці абʼекта запатрабуе часу. Зараз мы працуем на месцы, прыбіраем завалы. Мы зробім усё магчымае, каб як мага хутчэй ліквідаваць наступствы нападу», – гаворыцца ў заяве ДТЭК.

ДТЭК нагадаў, што гэта адзінаццаты масіраваны ўдар па цеплавых электрастанцыях кампаніі з кастрычніка 2025 года. «З пачатку паўнамаштабнай вайны цеплавыя электрастанцыі ДТЭК падвяргаліся нападам ворага больш за 220 разоў», – гаворыцца ў паведамленні.

Кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Ганжа паведаміў, што колькасць параненых у выніку масіраванага начнога ракетнага і беспілотнага нападу на Днепр і прылеглыя раёны павялічылася да чатырох. Сярод параненых ёсць дзеці, дадаў ён.

Ваенна-паветраныя сілы паведамілі, што ў ноч са серады на чацвер Расія атакавала Украіну 24 балістычнымі ракетамі «Іскандэр-М/С-300», кіраванай ракетай Х-59/69 і 219 беспілотнымі лятальнымі апаратамі.

Сродкі супрацьпаветранай абароны збілі 213 паветраных цэляў і зафіксавалі трапленні дзевяці ракет і 19 беспілотнікаў у 13 месцах.

РАР/юл